Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Добры дзень, — адказваў Акім і, мінуючы старога, увайшоў у вароты сваёй хаты… На дварэ стаялі яго коні, карова, калёсы; тут-жа хадзілі яго куры. Ён моўчкі ўвайшоў у хату. Стары пайшоў за ім. Акім прысеў на лаўку, і абапёрся аб яе кулакамі. Стары жаласліва паглядаў на яго, стоячы ля дзвярэй.

— А дзе гаспадыня? — запытаўся Акім.

— А ў панскім доме, — жвава сказаў стары. — Яна там. Тут тваю скаціну паставілі, ды куфры, якія былі, а яна там. Можа схадзіць па яе?

Акім памаўчаў.

— Схадзі, — прагаварыў ён, нарэшце.

— Эх, дзядзька, дзядзька, — сказаў ён уздыхнуўшы, пакуль той даставаў з цвіка шапку: — памятаеш, ты мне што напярэдадні вяселля сказаў?

— На ўсё воля божая, Акімка.

— Памятаеш, ты мне сказаў, што, моў, я вам, мужыкам, не свой брат, а цяпер вось якія часы насталі… Сам гол, як сакол, стаў.

— З-за благіх людзей жыцця няма, — адказаў стары: — а яго, гадзюку, каб хто мог правучыць добра, пан, напрыклад, які, ці другая ўлада, а то чаго яму баяцца? Воўк, дык воўчую звычку і мае. — І стары надзеў шапку і пайшоў.

Аўдоцця толькі што вярнулася з царквы, калі ёй сказалі, што дзядзька мужа яе пытаецца. Да таго часу яна вельмі рэдка яго бачыла; ён да іх на пастаялы двор не заходзіў і наогул яго лічылі дзіваком: страшэнна любіў табак і больш за ўсё маўчаў.

Яна вышла да яго.

— Чаго ты, Пятровіч, можа што здарылася?

— Нічога не здарылася, Аўдоцця Арэф’еўна; муж пытаецца цябе.

— Хіба ён вярнуўся.

— Вярнуўся.

— Ды дзе-ж ён?

— А на сяле, у хаце сядзіць.

Аўдоцця спалохалася.

— Што, Пятровіч, — запыталася яна, гледзячы яму проста ў вочы: — злуецца ён?

— Не відаць, каб злаваўся.

— Ну, пойдзем, — сказала яна, надзела вялікую хустку, і абое пайшлі. Моўчкі ішлі яны да самай вёскі. Калі яны сталі