Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І ён ціха вышаў на вуліцу ў суправаджэнні Яфрэма. Навум махнуў рукой, загадаў адпрэгчы каня і вярнуўся ў дом.

— Куды-ж ты, Акім Сямёнавіч, хіба не да мяне? — усклікнуў Яфрэм, убачыўшы, што Акім павярнуў з вялікай дарогі направа.

— Не, Яфрэмка, дзякуй, — адказаў Акім, — пайду пагляджу, што жонка робіць.

— Пасля паглядзіш… А цяпер трэба было-б з радасці — таго!..

— Не, дзякуй, Яфрэм… Досыць і так. Бывай. — І Акім пайшоў не азіраючыся.

— Эт! Досыць і так! — сказаў азадачаны дзячок: — а я яшчэ за яго бажыўся. Вось ужо не чакаў я гэтага, — дадаў ён са смуткам: — пасля таго, як я за яго бажыўся. Цьфу!

Ён успомніў, што забыўся ўзяць нож свой і гаршчок, і вярнуўся на пастаялы двор… Навум загадаў выдаць яму яго рэчы, але нават і не падумаў пачаставаць яго. Зусім засмучаны і зусім цвярозы з’явіўся ён дадому.

— Ну, што, — запыталася жонка: — знайшоў?

— Што знайшоў? — перапытаў Яфрэм: — вядома, знайшоў: вось твая пасуда.

— Акім? — асабліва падкрэслена запыталася жонка.

Яфрэм кіўнуў галавой.

— Акім. Але-ж які ён гусак! Я-ж за яго бажыўся, без мяне-б яму ў астрозе гінуць, а ён хоць-бы чарачку мне паднёс. Ульяна Фёдараўна, уважце хоць вы мне, дайце шкляначку.

Але Ульяна Фёдараўна не ўважыла яму і прагнала з вачей.

Між тым, Акім ішоў павольнымі крокамі па дарозе да вёскі Лізаветы Прохараўны. Ён яшчэ не мог добра апамятацца; усё нутро ў ім калацілася, як у чалавека, які толькі што пазбавіўся ад яўнай смерці. Ён нібы не верыў сваёй свабодзе. З тупым здзіўленнем глядзеў ён на палі, на неба, на жаўранкаў, якія трапяталі ў цёплым паветры. Напярэдадні, у Яфрэма, ён з самага абеда не спаў, хоць і ляжаў нерухома на печы; перш ён хацеў гарэлкай заглушыць у сябе насцерпны боль крыўды, смутак дакукі, шалёнай і бяссільнай… але гарэлка не магла перамагчы яго да канца; сэрца ў ім расхадзілася, і ён пачаў прыдумляць, як-бы адпомсціць свайму ворагу… Ён думаў пра аднаго Навума; Лізавета Прохараўна не прыходзіла яму ў галаву, ад Аўдоцці ён у думках адварочваўся. К вечару прагнасць помсты разгарэлася ў ім