Старонка:Ветразі (1929).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

Плачуць асеньнія клёны…
Месяц лісты палічыў…
Нехта знайшоў міліёны,
Нехта душу загубіў…

Нам вось нічога ня трэба,
Наша пры нас заўсягды…
Дальш ад цнатлівага неба, —
Дальш ад сьмяртэльнай бяды.

Сядзь, дарагая Галіна,
Годзе, аб чым сумаваць…
Шчасьце заўсёды — хвіліна,
Шчасьце няможна губляць.

Нам не патрэбна багацьце,
Клець і чужая павець…
Будзем над горам сьмяяцца, —
Праўдзе у вочы глядзець.