Старонка:Ветразі (1929).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Зноўку мары грэюць марамі
Цені вуліц і жуды…
А ў паветры стройнай арыяй
Заміраюць правады.

І гудуць слупы дарожныя
Ў цьмяна-дымную пустош.
Здэцца шэпчуць сэрцу кожнаму
Правады ў такую ноч:

— Грамадзянін, гестам воіна
Разгані тугу-бяду,
Слухай рытмы працы вольнае,
Загартуй свой вольны дух.

Хай ідуць там сьцежкай чорнаю
Ў романтычнасьць туманоў…
Наша радасьць нязьлічоная,
І няма ёй берагоў.

Хай на „срэбранікі“ Юдавы
Хтось будуе „белы рай“…
Тут пад сонцам „Асінбудаўскім“
Загамоніць кожны гай.

Будаваць той храм патрапім мы,
Дзе пад сонцам сінявым
Міліёны новых трактараў
Запяюць жалезны гімн.