Старонка:Ветразі (1929).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

Усхвалёванымі крокамі
Хтосьці мерыць цішыню,
А за вокнамі, за вокнамі
Кліча кот сваю радню.

Зноўку мары грэюць марамі
Цені вуліц і жуды…
А ў паветры стройнай арыяй
Заміраюць правады.

Ноч праходзіць… З чорнай стомаю
Хтось ідзе, як сам ня свой…
Вось і золак гоніць гоманам
Туманы на вадапой.

Чорнай сьцежкай цёмнай вуліцы
Цені месячных прыгод
Папаўзьлі шукаць прытулішча
На руінах даўніх год.