Старонка:Ветразі (1929).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І бацька, і сын апранулі шынэль,
І дочкі, і сёстры з абозам…
Ня страшны нікому штылет і шрапнэль,
Ня страшны марозы, марозы…

А там на арэне крывавых падзей,
Дзе журацца сосны аб некім,
Блукае вандруе зьбянтэжаны цень,
І белая здань „чалавека“…

Дзе пройдуць, дзе ступяць, там енкі і стогн
Ды выбухі грозных гарматаў…
Там каркае, кружыцца стада варон,
Сьвяткуючы чорнае сьвята.

Там кружацца, каўкаюць каўкі аддаль,
Ім такжа чамусь не сядзіцца…
Загадна махае ім белая здань,
І цень няжывое царыцы:

— Сьвяткуйце, сьвяткуйце — ня скора канец,
Эўропа дашле нам патроны.
‘Шчэ чорных мужыцкіх, нікчэмных касьцей
Паляжа тут шмат эшалёнаў.

Ашчэрыла зубы халодная сьмерць…
Павісла туга над сусьветам…
І чуліся словы:
— Змагацца!..
— Гарэць!
У рытмах разьюшаных ветраў.