Старонка:У іншым шчасьці няшчасьце схавана (1919).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЧАСЬЦЬ ПЯТАЯ.

Еука (убягае з плачам). Мамачка, а родненькая! Прапаў наш Астап, згінуў наш сакалок!

Прузына (жахнуўшыся, а потым махнуўшы рукою). Дзе галубка, там і галубок!

Піліп. Да ты кажы, дзе ён згінуў! Чаго ты соплі распусьціла? Ці не закахалася і ты?

Еука. Распусьціла, распусьціла! Добра, што сам не… Ведама, шкода ўсякага, а яго і пагатове, бо ён добры, харошы…

Піліп. Ды ты годзе сакатаць! Кажы, што з ім зрабілася?

Еука. Што зрабілася!.. Зайшла я гэта да Матрунчыкаў, а сам толькі з места прыехаў. Ён туды Астапа вадзіў, дык усё, як было, расказваў.

Піліп. Ну, дык што ён казаў?

Еука. Стаў ён часта хадзіць…

Піліп. Хто? Матрунчык?

Еука. Ды не, Астап!.. Па гасьцінцы пад дваром. Стрэў гэта паніча ды давай яго карыць, а паніч яго па мордзе. А ён — а Божухна мілы! — Як хопіць паніча за горла да воб зямлю! І давай яго біць кулаком па галаве, па галаве ды па носе!.. Як наляцелі дворныя; да зьвязалі яго беднага. Скруцілі яго тугенька, узвалілі на кары і памчалі, як тыя чэрці добрую душу, да станавога. Паніч, кажуць, сказаў, што Астап хацеў яго нажом зарэзаць, каб аграбіць.

Піліп. Вось, чорт, надумаўся! А паніч што цяпер робіць? Можа да цябе заляцаецца?