Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гэтыя гукі ляцелі ў цішыні ночы, пакрываючы гультайскі шэпт саду…

Там былі шчасьлівыя людзі, якія гаварылі аб ясным і поўным жыцьці; яна вось яшчэ некалькі мінут назад была разам з імі, упоеная лятуценьнямі аб гэтым жыцьці, у якім яму ня было месца. Яна нават і не заўважыла яго адходу, а хто ведае, якімі доўгімі здаліся яму гэтыя мінуты адзінотнага гора!..

Гэтыя думкі прайшлі ў галаве маладое дзяўчыны, пакуль яна хадзіла побач з Пётраю па дарожцы. Ніколі яшчэ ня было гэтак трудна загаварыць з ім, апанаваць яго настрой. Аднак-жа, яна адчувала, што яе прысутнасьць пакрысе зьмягчае яго цёмную задуму.

Сапраўды-ж, яго хада зрабілася цішэйшаю, твар спакойнейшым. Ён чуў побач яе шагі, і пакрысе востры боль душы сьціхаў, даючы месца іншаму пачуцьцю. Ён не даваў сабе справаздачы ў гэтым пачуцьці, але яно было яму знаёмае, і ён лёгка пакараўся яго дабратворчаму ўплыву.

— Што з табою? — паўтарыла яна сваё пытаньне.

— Нічога асаблівага, — адказаў ён з горычай. — Мне толькі здаецца, што я зусім лішні на сьвеце.

Песьня каля хаты на момэнт сьціхла і праз мінуту пачулася другая. Яна далятала ледзь чутна; цяпер студэнт пяяў старую „думу“, насьлядуючы ціхі напеў бандурыстых. Інады голас, здавалася, зусім заціхаў, уяўленьне апаноўвала няясная мроя, і затым ціхая мэлёдыя ізноў прабівалася праз шорхат лісьцьця…

Пётра нявольна супыніўся, прыслухваючыся.

— Ведаеш, — загаварыў ён сумна, — мне здаецца іншы раз, што старыя праўдзівы, калі кажуць, што на сьвеце робіцца год за годам усё горш. У старыя гады было лепей нават і сьля-