Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вы- ўзмоцненую ўвагу. Але гэтая ўвага была цёмнаю, пад ёю таілася цяжкая і горкая работа думкі.

Маці пазірала на сына з сумам у вачох. Эвэлініныя вочы выказвалі спачуваньне і неспакойнасьць. Адзін Максім быццам не заўважаў, якое дзеяньне робіць шумнае таварыства на сьляпога, і міла запрашаў госьцяў наведвацца часьцей у сядзібу, дакляруючы маладым людзям багаты этнографічны матар’ял на чародны прыезд.

Госьці абяцалі вярнуцца і ад’ехалі. Разьвітваючыся, маладыя людзі папрыяцельску паціскалі рукі Пётры. Ён з парывамі адказваў на гэтыя пацісканьні і доўга прыслухваўся, як стукацелі па дарозе колы іхняе брычкі. Затым ён быстра павярнуўся і адыйшоў у сад.

З ад’ездам гасьцей у сядзібе ўсё сьціхла, але гэтая цішыня паказалася сьляпому нейкаю асабліваю, нязвычайнаю і дзіўнаю. У ёй чулася як быццам прызнаньне, што тут адбылося штосьці асабліва важнае. У сьціхшых алеях, адклікаўшыхся толькі шэптам букаў і бэзу, сьляпому чуліся водгаласы нядаўных размоваў. Ён чуў таксама цераз адчыненае вакно, як маці з Эвэлінай аб нечым спрачаліся з Максімам у салёне. У матчыным голасе ён заўважыў мальбу і пакуту, Эвэлінін голас зьвінеў злосьцю, а Максім, як здавалася, палка, але цьвёрда адбіваў напад жанчын. З падходам Пётры гэтыя размовы ў міг сьціхалі.

Максім сьвядома, бязьлітаснай рукою прабіў першую дзірку ў сьцяне, акружаўшай дасюль сьвет сляпога. Гулкая, неспакойная першая хваля ўжо вальнула ў пралом, і духовая роўнавага юнака захісталася пад гэтым першым ударам.

Цяпер яму здавалася ўжо цесна ў яго зачарованым коле. Яго абцяжвала спакойная ціша сядзібы, гультаяваты шэпт і шорхат старога саду, аднастайнасьць юнага духовага сну. Цемра зага-