Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але маці не магла супакоіцца. Яна ўздрыгвалася кожны раз, як толькі крычэла дзіця, і ўсё паўтарала з гнеўнаю нецярплівасьцю:

— Чаго… гэтак… гэтак страшна?

Бабка ня чула ў дзіцячым крыку нічога асаблівага і, бачачы, што маці гаворыць быццам у сумнай няпрытомнасьці і, напэўна, проста броіць, пакінула яе і занялася дзіцянём.

Маладая маці сьціхла, і толькі час ад часу, нейкая цяжкая пакута, што не магла вырвацца наверх рухамі або словамі, выціскала з яе вачэй буйныя сьлёзы. Яны праціскаліся праз густыя брывіцы і ціха сьцякалі па белых, як мармур, шчоках.

Можа быць, што матчына сэрца пачула, што разам з нованароджаным дзіцянём зьявілася на сьвет цёмнае, непраходнае гора, якое навісла над калыскаю, каб ісьці разам з новым жыцьцём аж да самае дамавіны.

Хоць-жа быць можа, што гэта было і сапраўднае броеньне. Як-бы там ні было, — дзіцянё нарадзілася сьляпым.

II.

Спачатку ніхто гэтага не заўважыў. Хлопчык пазіраў тым цьмяным і неазначальным паглядам, якім пазіраюць да пэўнага веку ўсе нованароджаныя дзеці. Дні ішлі за днямі, жыцьцё новага чалавека лічылася ўжо тыднямі. Яго вочы праясьніліся, з іх зьлезла мутная павалочка, зрачок вызначыўся. Але дзіця не пахіляла галавы за сьветлай коскаю, праходзіўшаю ў пакой разам з вясёлым шчабятаньнем птушак і з шорхатам зялёных букаў, якія ківаліся каля самюсеньніх вокнаў у густым вясковым садзе. Маці, пасьпеўшая ачуняць, першая з неспакоем заўважыла дзіўны выраз дзіцячага твару, які заставаўся нярухомым і нек не-падзіцячаму сур’ёзным.