Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Хлопчык, якому йшоў ужо дзесяты год, сядзеў каля матчыных ног на нізенькім крэсьле. Побач з ім, выцягнуўшы шыю і соўваючы то туды то сюды доўгаю дзюбай, стаяў малады асвоены бусел, якога Іохім падарыў панічу. Хлопчык кожнае раніцы карміў яго з сваіх рук, і птушка ўсюды праводзіла свайго новага прыяцеля-гаспадара. Цяпер Пятрусь прытрымліваў бусла аднэю рукою, а другою памалу праводзіў удоўж па яго шыі і затым па тулаве з выразам узмоцненае ўвагі на твары. У гэты самы час маці, з гарачым, узбуджаным тварам і сумнымі вачыма, шыбка ўдарала пальцам па клявішы, выклікаючы з інструмэнту бесьперарыўна зьвінеўшую высокую ноту. Разам з тым, крыху перахіліўшыся на сваім крэсьле, яна з балючай уважлівасьцю ўглядвалася ў твар дзіцяці. Калі-ж хлопчыкава рука, сьлізгаючы па белых пярынках, заходзіла да таго месца, дзе гэтыя пярынкі раптоўна зьмяняюцца чорнымі на канцох крыльляў, дык Анна Міхайлаўна адразу пераносіла руку на іншую клявішу, і нізкая басовая нота глуха разьлягалася па пакоі.

Абое, і маці і сын, гэтак былі праглынуты сваім заняткам, што не заўважылі прыходу Максіма, пакуль ён, у сваю чаргу, прачхнуўшыся ад зьдзіўленьня, не перарваў сэансу пытаньнем:

— Аннуся! што гэта значыць?

Маладая жанчына, сустрэўшы прабавальны братаў пагляд, засаромілася, быццам злоўленая строгім настаўнікам на месцы праступленьня.

— Вось, ці бачыш, — загаварыла яна саромліва, — ён кажа, што адрозьнівае пэўную розьніцу ў афарбоўцы бусла; толькі ня можа ясна зразумець, у чым гэтая розьніца… Дапраўды, ён сам першы загаварыў пра гэта, і мне здаецца, што гэта праўда…

— Ну, дык што-ж?