Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— На сенажаці?

— Не, там.

— Значыцца, ў маладняку. А якія гэта краскі?

— Хіба ты ня знаеш красак?.. Ах, які ты дзіўны… дапраўды, ты вельмі дзіўны…

Хлопчык узяў у руку красачку. Яго пальцы шпарка і лёгка кранулі лісточкі і венчык.

— Гэта люцік, — сказаў ён, — а вось гэта фіялка.

Пасьля ён захацеў тым самым спосабам азнаёміцца і з тою, з кім гаварыў: узяўшы леваю рукою дзяўчынку за плячо, ён праваю пачаў абмацваць яе валасы, пасьля векі, і борзда правёў пальцамі па твары, дзе-ня-дзе спыняючыся і ўважліва вывучваючы незнаёмыя рысы.

Усё гэта было зроблена гэтак неспадзявана і борзда, што дзяўчынка, ахопленая зьдзіўленьнем, не магла сказаць ні слова; яна толькі глядзела на яго шырока расплюшчанымі вачыма, ў якіх адбівалася пачуцьцё, блізкае да жаху. Толькі цяпер яна заўважыла, што ў твары яе новага знаёмага ёсьць нешта нязвычайнае. Белыя і тонкія рысы застылі на выразе напружачае ўвагі, неяк не гармоніяваўшае з яго нярухомым паглядам. Хлопчыкавы вочы пазіралі кудысьці, бяз ніякага адношаньня да таго, што ён рабіў, у іх дзіўна пераліваўся водбліск заходзіўшага сонца. Усё гэта здалося дзяўчынцы на адну мінуту проста цяжкім кашмарам.

Вызваліўшы свае плечы з хлопчыкавае рукі, яна раптам падскокнула на ногі і заплакала.

— Нашто ты палохаеш мяне, гадкае хлапчанё? — загаварыла яна гнеўна, праз сьлёзы. — Што я табе зрабіла?… Нашто?…

Ён сядзеў на тым самым месцы, азадачаны, з нізка спушчанаю галавою, і дзіўнае пачуцьцё, — мешаніна нездаволеньня і паніжэньня, — напоўніла болем яго сэрца. Першы раз яшчэ давялося