Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рыцарамі, з іхнім лёсам, з лёсам свае бацькаўшчыны. Адсюль пачалася цікавасьць да літэратуры, і на дзевятым годзе Максім прыступіў да першых лекцыяў. Умелыя лекцыі Максіма, (якому прышлося вывучыць для гэтага спэцыяльныя спосабы вучэньня сьляпых), вельмі падабаліся хлопчыку. Яны ўносілі ў яго настрой новы элемэнт — азначанасьць і яснасьць, ураўнаважваўшую няясныя адчуваньні музыкі.

Гэткім чынам, хлопчыкаў дзень быў запоўнены, нельга было пажаліцца на ўбогасьць адтрымліваных ім уражаньняў. Здавалася, што ён жыў поўным жыцьцём, наколькі гэта магчыма для дзіцяці. Здавалася таксама, што ён не ўсьведамляе свае сьлепаты.

А, паміж іншым, нейкая дзіўная, нядзіцячая, сумнота ўсё такі выказвалася ў яго характары. Максім прыпісваў гэта недахопу дзіцячага таварыства і стараўся папоўніць гэты недахоп.

Вясковыя хлопчыкі, якіх запрашалі ў двор, дзічыліся і не маглі вольна разьвінуцца. Апрача няпрывычнае абстаноўкі, іх ня мала трывожыла і „панічова“ сьлепата. Яны палахліва пазіралі на яго і, зьбіўшыся ў кучу, маўчалі або трусьліва перашэптаваліся адзін з адным. Калі-ж дзяцей пакідалі адных у садзе або ў полі, дык яны рабіліся адважнейшымі і пачыналі гульні, але пры гэтым аказвалася, што сьляпы неяк заставаўся ў баку і сумна прыслухваўся да вясёлага шурмаваньня таварышоў.

Часамі Іохім зьбіраў дзяцей вакол сябе ў кучу і пачынаў расказваць ім вясёлыя прыказкі ды казкі. Вясковыя дзеці, якнайлепш знаёмыя і з дурнаватым хахлацкім чортам, і з хітрымі ведзьмамі, папаўнялі гэтыя расказы з уласнага запасу, і наагул гэтыя гутаркі ішлі вельмі рухліва. Сьляпы слухаў іх з вялікаю ўвагаю і цікавасьцю, але сам сьмяяўся рэдка. Як відаць, гумар жывое мовы ў