Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

варанка, то ціхі шорхат распусьціўшайся бярозкі, то ледзь чутныя плёхканьні ракі. Ластавачка сьвістала лёгкім крылом, выпісваючы недалёчка дзівосныя кругі, зьвінелі мошкі, і над усім гэтым пралятаў часам працяжны і тужлівы вокрык ратая на раўніне, паганяўшага валоў над разгорванаю палоскаю.

Але хлопчык ня мог схапіць гэтых гукаў цалком, ня мог злучыць іх, разьмеркаваць у пэрспэктыву. Яны як быццам падалі, залазячы ў цёмную галоўку, адзін за адным, то ціхія, няясныя, то гучныя, ясныя, аглушаўшыя. Час ад часу яны тоўпіліся адначасна, няпрыемна зьмешваючыся ў незразумелую дысгармонію. А вецер з поля усё сьвістаў у вушы, і хлопчыку здавалася, што хвалі бягуць быстрэй і іхні грукат засьцілае ўсе іншыя гукі, якія пруцца цяпер аднекуль з іншага сьвету, быццам успамін пра ўчарашні дзень. І па меры таго як гукі цьмянелі, у хлопчыкавы грудзі ўлівалася адчуваньне нейкае казытаўшае змогі. Твар зацягваўся рытмічна праходзіўшымі па ім пералівамі; вочы то заплюшчаліся, то расплюшчаліся ізноў, бровы трывожна варушыліся, і ўва ўсіх рысах прабівалася пытаньне, цяжкая натуга мысьлі і ўяўленьня. Не замацованая яшчэ і перапоўненая новымі адчуваньнямі сьвядомасьць пачынала ўтамляцца: яна яшчэ баролася з наляцеўшымі з усіх бакоў уражаньнямі, хочучы ўстаяць сярод іх, зьліць іх у адно цэлае і гэткім чынам заўладаць імі, перамагчы іх. Але задача была не па сіле цёмнаму мозгу дзіцяці, якому не халапа для гэтае працы таго, што даюць вочы.

І гукі ляцелі і падалі адзін за адным, усё яшчэ вельмі пярэстыя, вельмі звонкія… Ахапіўшыя хлопчыка хвалі ўздымаліся ўсё напружаньней, налятаючы з тае, што была навокал, зьвінеўшае і грукацеўшае цемры і адыходзячы ў гэту-ж самую цемру, зьмяняючыся новымі хвалямі, новымі гу-