Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

раз хваробнае ўцехі прабіваўся час-ад-часу на бязрадна-зьбянтэжаным тварыку, прабягаў па ім нейкімі нэрвовымі ўдарамі, асьвятляючы яго на міг, і зараз-жа зьмяняўся ізноў выразам зьдзіўленьня, якое даходзіла да перапуду і недаўменнага пытаньня. Толькі адныя вочы пазіралі ўсё адным і тым-жа роўным і нярухомым сьляпым паглядам.

Дайшоўшы да ўзгорка, яны селі на ім усе ўтраіх. Калі маці падняла крыху хлопчыка ад зямлі, каб пасадзіць яго выгадней, дык ён ізноў дрыжучы ўшчыперыўся за яе вопратку: здавалася — ён баяўся, што ўпадзе кудысьці, як быццам ня чуючы пад сабою зямлі. Але маці і гэтым разам не заўважыла трывожнага руху, таму што яе вочы і ўвага былі прыкуты да чудоўнага вясьнянага малюнку.

Быў поўдзень. Сонца ціха кацілася па сінім небе. З узгорка, на якім яны сядзелі, відаць было шырокую разьлітую раку. Яна пранясла ўжо свае крыгі, і толькі час-ад-часу на яе паверхні плылі і растапляліся дзе-ня-дзе апошнія з іх, выдзяляючыся белымі плямачкамі. На заліўных сенажацях стаяла вада шырокімі ліманамі; белыя вобалачкі адбіваліся ў іх разам з перакуленым лазурным каўпаком неба, ціха плылі ў глыбіні і зьнікалі, як быццам і яны растапляліся, як тыя крыгі. Часамі прабягалі ад ветру лёгенечкія хвалячкі, бліскаючы на сонцы. Далей за ракою чарнелі разапрэўшыя нівы і парылі, засьцілаючы лятучаю, хістальнаю імгліцаю і дальнія хацінкі, крытыя саломаю, і ледзь зарысованую сінію палоску лесу. Зямля як быццам уздыхала і штосьці паднімалася ад яе да неба, як стаўпы ахвярнага фіміаму.

Прырода раскінулася навокал, быццам вялікая царква, прырыхтованая да сьвята. Але для сьляпога гэта была толькі неахопная цемра, якая ня так, як заўсёды, хвалявала навокал, варушылася, грукацела і зьвінела, выцягваючыся да яго,