Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вынялі другія рамы, і вясна ўляцела ў пакой з дубальтоваю сілай. У залітыя сьвятлом вокны глядзела сьмехавітае вясьнянае сонца, гойдаліся яшчэ голыя галіны букаў, удальку чарнеліся нівы, па якіх дзе-ня-дзе ляжалі плямы тануўшага сьнегу, а дзе-ня-дзе прабівалася ледзь заметным зяленівам маладая травіца. Усім дыхалася вальней і лепей, на ўсіх вясна адбівалася прылівам абноўленай і сьвежай жыцьцёвай сілы.

Для сьляпога хлопчыка яна ўлятала ў пакой толькі сваім пасьпешным шумам. Ён чуў, як бягуць раўчакі вясьнянае вады, быццам гонячы адзін аднаго, дзыгаючы па каменьнях, прарэзваючыся ў глыбіню разьмягчэўшае зямлі; галіны букоў вялі шэпты за вокнамі, стукаючыся і звонячы лёгкімі ўдарамі па вокнах. А шустрая вясьняная капель ад зьвісаўшых з страхі ледзяных цукерачак, прыхопленых ранешнім марозам і цяпер разагрэтых сонцам, стукала тысячаю звонкіх удараў. Гэтыя гукі падалі ў пакой, падобна да ясных і гучных каменьчыкаў, шпарка адбіваўшых пераліўчатую дроб. Часамі праз гэтую звонкасьць і шум крыкі жураўлёў плыўка праляталі з далёкай вышыні і паступова сьціхалі, быццам ціха растапляючыся ў паветры.

На хлопчыкавым твары гэтая рухлівасьць прыроды сказвалася хваробнаю недаўменнасьцю. Ён з натугаю стуляў свае бровы, выцягваў шыю, прыслухваўся і затым, раптам выцягваў рукі шукаючы маці, і бег да яе, моцна прыціскаючыся да яе грудзей.

— Што гэта з ім? — пыталася сама ў сябе і ў іншых маці.

Дзядзька Максім уважна ўтарапляўся ў хлопчыкаў твар і ня мог вытлумачыць яго незразумелае трывогі.

— Ён… ня можа зразумець, — дагадвалася маці, ловячы на сынавым твары выраз хваробнае недаўменнасьці і пытаньня.