Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
РАЗЬДЗЕЛ VIІ.
I.

У тую самую восень Эвэліна абвясьціла старым Яскульскім сваю нязьменную пастанову выйсьці за сьляпога „з сядзібы“. Старэнькая маці заплакала, а бацька, памаліўшыся перад абразамі, абвясьціў, што, як яму здаецца, якраз гэткая воля Божая датычна данага выпадку.

Згулялі вясельле. Для Пётры пачалося маладое ціхае шчасьце, але праз гэтае шчасьце ўсё-ж такі прабівалася нейкая трывога: ў самыя сьветлыя мінуты ён усьмехваўся так, што праз гэтую ўсьмешку відаць было сумны сумліў, як быццам ён ня лічыў гэтага шчасьця законным і моцным. А калі яго паведамілі, што, быць можа, ён стане бацькаю, дык ён сустрэў гэтае паведамленьне з выразам перапуду.

Тым ня менш, сапраўднае яго жыцьцё, праходзіўшае ў сур’ёзнай працы над сабою, у трывожных думках аб жонцы і будучым дзіцяці, не пазваляла яму спыняцца на ранейшых бясплодных патугах. Час ад часу таксама, сярэд гэтых клопатаў, у яго душы паўставалі ўспаміны аб жаласным лямэнце сьляпых. Тады ён ішоў у сяло, дзе на канцы стаяла цяпер новая хата Тодара Кандыбы і яго рабога пляменьніка. Тодар браў сваю кобзу, або яны доўга гутарылі, і Пётравы думкі прымалі спакойны кірунак, а яго пляны ізноў мацнелі.