Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— І ён ходзіць па сьвеце і пяе гэтую песьню?

— Але, і корміць ёю цэлы вывадак сіротаў пляменьнікаў. Дый яшчэ знаходзіць для кожнага вясёлае слова і жарт…

— Так? — задумліва перапытаўся Пётра. — Як хочаш, а ў гэтым ёсьць нейкая тайна. І я хацеў-бы…

— Што ты хацеў-бы, мой хлопчык?…

Праз некалькі мінут пачуліся шагі, і Анна Міхайлаўна ўвайшла ў пакой, трывожна ўглядваючыся ў іхнія твары, відочна ўсхвалёваная размоваю, якая абарвалася з яе прыходам.

Малады арганізм, раз перамогшы хваробу, борзда спраўляўся з яе рэштаю. Тыдні цераз два Пётра быў ужо на нагах.

Ён моцна зьмяніўся, зьмяніліся нават рысы твару, — у іх ня відаць было ранейшых прыпадкаў вострае ўнутранае пакуты. Вострае моральнае патрасеньне перайшло цяпер у ціхую задумлівасьць і спакойны сум.

Максім баяўся, што гэта толькі часовая зьмена, выкліканая тым, што нэрвовая напружанасьць аслаблена хваробай. Аднойчы, змрокам, падыйшоўшы першы раз пасьля хваробы да фортэп’яна, Пётра пачаў па звычаю фантазьяваць. Мэлёдыі гучэлі сумныя і роўныя, як яго настрой. Але вось, раптоўна, сярод гукаў, поўных ціхага смутку, прарваліся першыя ноты песьні сьляпых. Мэлёдыя адразу распалася… Пётра борзда падняўся, яго твар быў скрыўлены, і на вачох стаялі сьлёзы. Як відаць, ён ня мог яшчэ справіцца з моцным уражаньнем жыцьцёвага дысонансу, што зьявіўся яму ў форме гэтае скрыпучае і цяжкае жальбы.

У гэты вечар Максім ізноў доўга гаварыў з Пётрай сам на сам. Пасьля гэтага праходзілі тыдні, і настрой сьляпога заставаўся ўсё тым самым. Здавалася, што вельмі вострая і эгоістычная сьвядомасьць асабістага гора, уносіўшая ў душу па-