Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лічкім гарадку, быў чудатворчы каталіцкі абраз. Знаўцы справы азначылі якнайдакладней яго чудадзейную сілу: кожны, хто прыходзіў да абраза ў дзень яго сьвята пехатою, карыстаўся „дваццацьма днямі адпушчэньня“, гэта значыць, што ўсе яго грахі, зробленыя ў працягу дваццацёх дзён, павінны былі ісьці на тым сьвеце на скасаваньне. Дзеля гэтага кожны год, раньняю вясною, у вядомы дзень невялічкі гарадок ажываў і рабіўся непазнавальным. Стары касьцёлік прыапранаўся ў сваё сьвята першым зяленівам і першымі краскамі, над горадам стаяў радасны гук звону, грукацелі брычкі паноў, і багамольцы тоўпіліся густымі натаўпамі на вуліцах, на пляцох і нават далёка на полі. Тут былі не адны каталікі. Слава N-скага абраза грымела далёка, і да яго прыходзілі таксама хворыя і зьбядованыя праваслаўныя, пераважна з гарадзкое клясы.

У самы дзень сьвята па абодвух бакох капліцы народ расьцягнуўся па дарозе нязьлічанаю пярэстаю вераніцаю. Таму, хто паглядзеў-бы на гэтую забаву з вяршыны аднаго з узгоркаў, акружаўшых мястэчка, магло-б здацца, што гэта гіганцкі зьвер расьцягнуўся па дарозе каля капліцы і ляжыць тут нярухома, часамі толькі паварухваючы матаваю лускою розных колераў. Па абодвух бакох занятай народам дарогі ў два рады выцягнулася цэлае полчышча жабракоў, выцягваўшых рукі па міласьціну.

Максім на сваіх кулях і побач з ім Пётра ўпоруч з Іохімам памалу пасоўваліся ўдоўж вуліцы, якая вяла да выхаду ў поле.

Гоман шматгалосага натоўпу, выкрыкі жыдоў-фактараў, стукат экіпажаў, — увесь гэты грукат, каціўшыся нейкаю гіганцкаю хваляю, застаўся ззаду, зьліваючыся ў адно бесьперарыўнае, важгальнае, як хваля, грымаценьне. Але й тут, хоць натоўп быў і радчэйшы, усё-ж раз у раз чуўся