Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, так — мучу. І буду мучыць гэткім чынам усё жыцьцё, і не магу ня мучыць. Я сам ня ведаў гэтага, а цяпер ведаю. І не вінават. Тая самая рука, якая пазбавіла мяне вачэй, калі я яшчэ не нарадзіўся, улажыла ў мяне гэтую злосьць… Мы ўсе гэткія, народжаныя сьляпымі. Пакінь мяне… пакіньце мяне ўсе, таму што я магу даць адну пакуту ўзамен за каханьне… Я хачу бачыць — разумееш? — хачу бачыць і не магу вызваліцца ад гэтага жаданьня. Калі-б я мог убачыць гэткім чынам маці, бацьку, цябе і Максіма, дык я быў-бы задаволены… Я захаваў-бы ў памяці, аднёс-бы гэты ўспамін у цемнату ўсяе рэшты жыцьця…

І ён надзіва ўпарта вяртаўся да гэтае ідэі. Застаючыся сам з сабою, ён браў у рукі розныя рэчы, абмацваў іх з нябывалаю ўважлівасьцю і пасьля, адлажыўшы іх у бок, стараўся ўдумацца ў вывучаныя формы. Якраз гэтак-жа сама ўдумваўся ён у тыя розьніцы ясных колерных паверхняў, якія, пры напружанай чуласьці нэрвовае сыстэмы, ён смутна мог улавіць цераз вошчуп. Але ўсё гэта праходзіла ў яго сьведамасьць якраз толькі, як розьніцы, у сваіх узаемных адносінах, але бяз выразнага пачуцьцёвага зьместу. Цяпер нават і сонечны дзень ён адрозьніваў ад начное цемры толькі таму, што дзеяньне яснага сьвятла, заходзіўшага ў мазгі недаступнымі для сьведамасьці шляхамі, толькі мацней раздразьняла яго пакутныя парывы.


VII.

Аднойчы, увайшоўшы ў салён, Максім застаў там Эвэліну і Пётру. Дзяўчына здавалася засмучанаю. Твар у дзяцюка быў пануры. Здавалася, што вышукваць новыя прычыны пакуты і мучыць імі сябе ды іншых зрабілася для яго чымсьці ў родзе патрэбнасьці.