У садзе было зусім ціха. Мерзлая зямля пакрылася пушыстым мягкім слоем, зусім змоўкла, не аддаючы гукаў: затое паветра зрабілася неяк асабліва чуткім, выразьліва і поўна пераносячы на далёкія адлежнасьці і крык вароны, і ўдар сякеры, і лёгкі трэск абломанае галінкі… Час ад часу чулася дзіўнае зьвіненьне, быццам ад шкла, пераходзіўшае на найвышэйшыя ноты і заміраўшае як быццам у вялізным аддаленьні. Гэта хлапцы кідалі каменьні на вясковым ставе, які зацягнуўся пад раніцу тонкаю плёнкаю першага лёду.
У сядзібе стаў таксама замерз, але рэчка каля мліна, ацяжэўшая і цёмная, усё яшчэ сьлюзіла ў сваіх пушыстых берагох і шумела на шлюзах.
Пётра падыйшоў да запруды і спыніўся, прыслухваючыся. Зьвіненьне вады было інакшае — цяжэйшае і бяз мэлёдыі. У ім як быццам адчуваўся холад памярцьвеўшых ваколіцаў…
У душы ў Пётры таксама было холадна і цемнавата. Цёмнае пачуцьцё, якое яшчэ ў той шчасьлівы вечар паднімалася з глыбіні душы нейкаю асьцярогаю, незадаволенасьцю і пытаньнем, цяпер разраслося і заняло ў душы месца, належаўшае да адчуваньняў радасьці і шчасьця.
Эвэліны ў сядзібе ня было. Яскульскія сабраліся з восені да „дабрадзейкі“, старое графіні Патоцкае, якая абавязкова вымагала, каб старыя прывязьлі таксама і дачку.
Эвэліна спачатку працівілася, але пасьля ўступіла намаганьням бацькі, да якіх вельмі энэргічна далучаўся й Максім.
Цяпер Пётра, стоячы каля мліна, успамінаў свае ранейшыя адчуваньні, стараўся адбудаваць іх ранейшую паўнату і цэласьць і пытаўся ў сябе самога, ці адчувае ён яе адсутнасьць. Ён яе адчуваў, але разумеў таксама, што і прысутнасьць яе не дае яму шчасьця, а прыносіць асаблівую пакуту, якая без яе крыху прытупела.