Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яньнем прыезнае моладзі, Пётра ніразу не падходзіў да фортэпіяна, на якім іграў толькі старшы з сыноў Стаўручэнкі, музыка па прафэсіі. Гэтая ўстрымлівасьць рабіла сьляпога яшчэ больш няпрыкметным у вясёлым таварыстве, і маці з сардэчным болем сачыла за цёмнаю фігураю сына, які губляўся сярод агульнага бліску і веселасьці. Цяпер, першы яшчэ раз Пётра адважна і як быццам нават ня зусім сьвядома падходзіў да свайго звычайнага месца… Здавалася, што ён забыў аб прысутнасьці чужых. Хаця, праўда-ж, пры ўваходзе маладых людзей у салёне панавала гэткая піша, што сьляпы мог лічыць пакой парожнім…

Адчыніўшы накрыўку, ён лёгенька крануў клявішы і прабег па іх некалькімі шыбкімі, лёгкімі акордамі. Здавалася, што ён аб чымсь пытаўся ня то ў інструмэнту, ня то ў уласнага настрою.

Пасьля, выцягнуўшы на клявішах рукі, ён глыбока задумаўся, і цішыня ў маленькім салёне зрабілася яшчэ глыбейшаю.

Ноч пазірала ў чорныя ямы вокнаў; там-сям з саду заглядалі з цікавасьцю зялёныя групы лісьцьця, асьветленага лямпаю. Госьці, падрыхтованыя толькі што сьціхшым няясным гуркатам піаніна, часткова ахопленыя павевам дзіўнага натхненьня, зьзяўшага на зьбялелым твары сьляпога, сядзелі ў маўклівым чаканьні.

А Пётра ўсё маўчаў, крыху падняўшы ўгару сьляпыя вочы, і ўсё як быццам прыслухваўся да чагосьці. У яго душы паднімаліся, як раскалыханыя хвалі, самыя рознародныя адчуваньні. Прыліў невядомага жыцьця падхапляў яго, як падхапляе хваля на марскім беразе доўга і спакойна стаяўшую чайку… На твары відаць было зьдзіўленьне, пытаньне, і яшчэ нейкую асаблівую разгарачанасьць, праходзіўшую па ім быстрымі ценямі. Сьляпыя вочы здаваліся глыбокімі і цёмнымі.