Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Новага Завету (1936).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

45. Прыповесьць аб багатым і ўбогім.

Лук. XѴI, 19—31.

Гасподзь навучаў, каб людзі добрымі дзеламі падрыхтоўвалі сябе да жыцьця вечнага. Пасьля сьмерці кожнаму чалавеку будзе адплата па ўчынках яго. Страшнае пакараньне можа спаткаць у пасьмертным жыцьці таго багача, які ўжываў сваё багацьце толькі для прыемнасьцяў зямных, і наадварот вялікая нагарода чакае таго бедака, які цярпліва і пакорліва зносіў на гэтым сьвеце пакуту ад жорсткасьці багача. Іісус Хрыстос вытлумачыў гэта ў такой вось прыповесьці.
Адзін чалавек быў багаты, раскошна апранаўся і раскошна кожны дзень банкетаваў. Другі-ж — на імя Лазар — быў убогі, увесь у струпох, ляжаў ля варот багача, і рад быў насыціцца хаця-б крышкамі, што падалі з стала багача; сабакі прыходзячы лізалі струпы яго. Памёр убогі і быў аднесены Ангеламі на лона Аўраамава. Памёр і багаты; будучы ў муках, падняў з пекла вочы свае, убачыў здалёк Аўраама і Лазара на лоне яго і, загаласіўшы, сказаў: „Айцец Аўраам! зьлітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб хаця абмачыў канец пальца свайго ў вадзе і асьвяжыў язык мой, бо я мучуся ў полымі гэтым“. Але Аўраам сказаў: „Прыпомні, што ў жыцьці тваім меў ты добрае, а Лазар благое: цяпер-жа ён тут пацяшаецца, а ты церпіш вялікія мукі, — да таго-ж між намі прорва вялікая так што адгэтуль да вас або адтуль да нас перайсьці ня можна“. Тады багаты сказаў: „Дык прашу цябе, айцец, пашлі Лазара ў дом айца майго, хай засьведчыць братом маім, як я тут пакутую, каб яны ня прыйшлі ў гэтае месца мучэньня“. Аўраам адказаў: „У іх ёсьць Майсей і прарокі, няхай слухаюць іх“. Ён-жа сказаў: „Не, отча Аўрааме! Калі хто з памёршых прыйдзе да іх, дык пакаюцца“. Тады Аўраам адказаў: „Калі Майсея і прарокаў ня слухаюць, дык хаця-б хто з мёртвых уваскрос, не павераць“.