Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Новага Завету (1936).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ня згінуў, але меў жыцьцё вечнае»; — гаварыў аб нязьмернай любові Бога да людзей, якая выявілася праз пасланьне Ім у сьвет Сына Свайго Адзінароднага не дзеля таго, каб «судзіць сьвет, а каб сьвет быў збаўлены праз Яго»; гаварыў аб дараваньні ўсім праз веру ў Яго і аб засуджаньні тых, хто ня веруе, хто «палюбіў цемру больш за сьвятло». Закончыў Сваю гутарку Іісус Хрыстос як бы лёгкаю дакораю, што Нікодым прыйшоў да Яго ўночы, хаваючыся ад людзей: — „Хто чыніць праўду — сказаў Іісус Хрыстос — той ідзе да сьвятла, каб відавочнымі былі ўчынкі Яго, бо яны ў Богу ўчынены».
Словы Іісуса Хрыста глыбака запалі ў душу рабіна Нікодыма. Ён зрабіўся пасьледавальнікам і прыхільнікам Іісуса аж да самае Яго сьмерці.

17. Узяцьце Іоанна Хрысьціцеля ў вастрог. Падарожа Іісуса Хрыста ў Галілею. Гутарка Яго з Самаранкаю.

(Maт. IV, 12; XIV, 3—5; Mpк. VI, 17—19; Іоан. IV, 1—3; Іоан. IV, 4—43).

Грозныя вінавачаньні Іоанна Хрысьціцеля не абміналі нікога. Ён нават не пабаяўся выкрыць грэх начальніка Галілеі Ірада Анціпы, які пры жывым браце сваім Піліпе ўзяў сабе ягоную жонку Ірадзіаду і жыў з ёю. Ірадзіада прасіла Ірада, каб засудзіў Іоанна на сьмерць. Гэтага-ж дабіваліся і фарысеі, якія ненавідзелі Іоанна за яго вінавачаньні. Але Ірад не хацеў засудзіць Іоанна, бо вельмі шанаваў яго, лічачы яго за сьвятога, і толькі згадзіўся пасадзіць Іоанна ў вастрог. Гэтак і было зроблена.
Пачуўшы аб узяцьці Іоанна, Іісус Хрыстос не захацеў заставацца ў Юдэі, і пайшоў з вучнямі ў Галілею. Была і яшчэ адна прычына, якая прымусіла Іісуса Хрыста пакінуць Юдэю: фарысеі, пачуўшы, што Іісус больш і больш чым Іоанн хрысьціць людзей і здабывае вучняў (Сам Іісус Хрыстос ня хрысьціў, але вучні Яго), маглі ў злосьці ўчыніць над Ім які гвалт, а як ня прысьпеў яшчэ час, дык Іісус Хрыстос палічыў за лепшае пакінуць да пары Юдэю.