Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мы ля ложка Кемэрыха. Ён мёртвы. Твар яго мокры ад сьлёз. Вочы засталіся напоўадчыненымі, яны жоўтыя, як гузікі з рогу.

Санітар тыча мяне ў рэбры.

— Возьмеш з сабой яго рэчы?

Я ківаю сьцьвярджальна.

Ён працягвае:

— Мы павінны яго зараз-жа прыбраць; нам патрэбен яго ложак. Нават прысенак завалены параненымі.

Я бяру рэчы і адшпільваю ў Кемэрыха распазнавальны білет. Санітар пытаецца пра вайсковую кніжку. Яе няма. Я кажу, што яна павінна быць у канцылярыі і адыходжу. А ззаду ўжо перакладаюць Франца на насілкі.

Перад адчыненымі дзьвярыма я адчуваю цемрадзь начы, і вецер здаецца мне збавеньнем. Я дыхаю як мага глыбей і, як ніколі, чую на сваім твары цёплае і пяшчотнае паветра.

Раптам мне прыходзіць у галаву думка пра дзяўчат, пра квітнеючыя лугі, пра белыя воблакі. Мае ногі ў нязграбных ботах рухаюцца наперад. Я іду шпарчэй, я бягу. Салдаты трапляюцца мне насустрач, іх гутаркі ўзбуджаюць мяне, хоць я іх і не разумею. Зямля прапітана сіламі, якія скрозь падэшвы пранікаюць у мяне. Ноч патрэсквае электрычнасьцю, фронт глуха грыміць, як барабанны бой. Мае члены гнуткі, я адчуваю моц у суставах, я з шумам уцягваю ў сябе паветра. Ноч жыве, я жыву. Я чую голад, але ён вялікшы, чымся ад страўніка.

Мюлер стаіць перад баракам і чакае мяне. Я перадаю яму боты. Мы ўваходзім, і ён мерае іх.

Яны яму якраз да нагі.

Ён рыецца ў сваіх запасах і прапануе мне кавалак цудоўнай лівэрнай каўбасы. Да таго-ж зьяўляецца і гарачая гарбата з ромам.


III

Да нас прыбыла папаўненьне. Прабоіны запаўняюцца, і саламяныя матрасы ў бараках хутка пакрываюцца ляжачымі. Гэта ў большасьці старыя людзі, але да нас прыслалі таксама дваццаць пяць чалавек моладзі датэрміновага прызыву. Яны амаль на год маладзейшыя за нас. Кроп штурхае мяне:

— Бачыў ты гэтых дзяцей?