— А гэта што тутака, тымчасове, кажуць сёе, ды тое, дык яно што галава — то розум.
— Ну, але.
— Кашляць нешта пачаў. Захаладзіўся... Дык от пра Ганну. Надоўга-ж яна хаця прыехала?
— От месяцаў два ці тры можа пабудзе. Учора прыехала, а сягоньня раніцою ад яго ліст прышоў.
— Прышоў?..
— Але.
— От-бо цяперашнія маладыя, пішуць сабе, тымчасове, адно аднаму. Малайцы, яй-права.
— І зараз-жа яна яму адпісала.
— Ну, а што-ж. Дзякуй богу.
— Села і адразу пачала адпісваць.
— Тымчасове, у іх, маладых, цяперашніх іначай.
— А, гэта як да каго. Іншы і малады, ды нічога ня гэтае. Як да чалавека. Андрэй ня гэтакі, ён сталы, разумны. Ганна кажа, што вельмі-ж ён яе глядзіць. Расказвала.
— Ну, дык ён-жа вучаны.
— Больш паедзе вучыцца, ці ўжо можа і паехаў.
— Яму, тымчасове, відней. Яму што тут можна сказаць. Наша, тымчасове, дзела гэтакае, спакойнае, гаспадарскае.
— Намогся больш вучыцца.
— А за каго, тымчасове, ён ужо выўчыцца?
— За ніжынера, Ганна расказвала.
— Ого, за ніжынера... Ну, каб усё добра было. Тымчасове, калі Ганна і пабудзе дома, дык ні бог тут ведае што, калі гэтак. А то пачалі гаварыць, а тое, а гэтае. Адно паслухаць.
— Людзям-жа абы языкамі мяньціць.
— Тымчасове, ну але, я ўжо казаў.
— Ну, што ты зробіш!?
— Ат!