За кароткі час сумеснага жыцьця яна пасьпела з ім зблізіцца, сыйсьціся, як Рыгор таго не чакаў. Ранейшыя ўспыхі пачуцьця, падобныя да выбуху маланкі, разгарэліся цягучым, незгасаючым полымем. Было-б цяжкай опэрацыяй, каб хто падумаў разлучыць іх.
Сам Рыгор баяўся думкі пра гэта, як не баяўся іншага нічога ў сваім прыватным жыцьці. Ліба знаходзіла словы, ласку, міну і ўзрок, якімі суцяшала яго ў хвіліны выпадковай жальбы… Яна дубальтавала яго падзеі, гартавала жаданьні, дзень-ата-дня вытоптвала пабочную сьцяжынку ў сумесных намерах.
І цікава — Ліба дамагалася ехаць, а разам з тым яна болей усяго трымала яго ў Менску.
Толькі з-за Лібы Рыгор не пакідаў думкі папрасіць Стукалку, ці не дапаможа ён, хоць праз начальніка ўпраўленьня, перавесьці яго ў адпаведную мілітарызаваную ўстанову ў Пецярбурзе.
Дзевятага сакавіка Рыгор увайшоў у канцылярыю ўпраўленьня з намерам адразу падысьці да Прахора Хведаравіча і выказаць яму сваю просьбу.
Стукалка якраз быў заняты. Каля яго стаяла некалькі асоб, з якімі ён заўзята гартаў сьвежа атрыманыя газэты.
Рыгор не хацеў пры іншых гаварыць з ім пра свае інтарэсы. Ён прысеў за свой стол і ўзяўся лістаць вынятыя з шуфляды справы. І толькі яго ўвага зацягнулася ў зьмест першага адносьніка, як яго паклікалі. Рыгор падняў голаў і ўгледзеў, што яго заве Стукалка.
Калі ён апынуўся каля ўпраўляючага справамі, акаляўшыя таго асобы, сярод якіх апынуўся і кіраўнік работ, Яўген Віктаравіч Проваў, паказалі Рыгору зьмешчаную ў газэтах справаздачу пра скандальнае паседжаньне Думы.
— Чытайце, Рыгор Міхасевіч, і кажэце сваю думку, — запрапанаваў Стукалка.
Усе настаражыліся і прыціхлі, сочачы за Рыгорам, які прабягаў вачмі сьвежы друк ранішняе «Біржоўкі». Калі-ж ён з успыхнутай вясёласьцю адвярнуўся ад газэты, яго сустрэла зьлітнае, ва ўпор праказанае:
— Нну-у?!
Чаканьне Рыгоравага водгуку на думскія падзеі незварухна-заварожана трымала заінтрыгаваных чыноўнікаў.