— З Сёмкам?! Няўжо? Каб цябе цяміла, як ты пасьпела! Ну, і спрыт-жа у цябе.
Зося ўголас засьмяялася.
— Ты, вось толькі і напраўду не падумай, што я знарок з ім наладжвала спатканьне… Зусім нават не хацела гэтага. Нясу так, ведаеш, траву вулачкаю, а ён якраз тыц са сьценкі: «Чакай», крычыць. «Волька». Я-ж мусіла спыніцца. І гэтак удваіх разам прышлі дамоў.
— Нябось, нагаварыліся па дарозе досыць?..
— Вось толькі ня выдумляй, чаго ня трэба, — перабіла Зосю Волька, адвярнулася ад люстэрка і падбегла к акну.
— Гаварыла, то гаварыла, — інакшым тонам сказала Волька: — толькі зусім не аб тым, аб чым ты можаш падумаць. Гаварылі мы, калі хочаш ведаць… аб Рыгору.
— Аб Рыгору?!
Зося раптам зьмяніла міну, вытарашчыла вочы на таварышку і настаражылася.
— Так, аб Рыгору, мая міленькая, — спакойліва пераказала Волька: — ты, пэўна, ведаеш, што ён сягоньня выяжджае. Вось якраз яго Сёмка адвозіць у Ліцк.
Зося хоць і ведала, што гэтымі днямі Рыгор выяжджае, але тое, што яго ад’езд выпаў на сягоньня, было для яе зусім раптоўным і неспадзяваным. І Вольчыны словы ўзварухнулі ўсю яе істоту.
— Няўжо такі сягоньня? — як-бы ня хочучы верыць гэтаму, яшчэ раз пераканалася Зося.
— Так, так… А ласьне ён табе не сказаў пра гэта?
Зося смутным узрокам паглядзела ў акно.
— Я нават, прызнацца, і ня пытала ў яго…
— Ня пытала?
— Не, ня пытала… і таму, Волечка, ня пытала, што, ведаеш, няма ніякае карысьці пытаць… няма карысьці, бо ужо між намі пастаўлена загарадзь… высокая, шчыльная загарадзь…
Зося зрабіла міну, на якой адбіваўся глыбокі жаль.
— Загарадзь вырасла, а сэрца зусім ня хоча згадзіцца з гэтым. Не магу згадзіцца з думкаю, што давядзецца з ім расстацца…
— Ды я добра ведаю, Зоська, што і казаць, але… прыходзіцца часамі з многім чым згаджацца…