Старонка:Дуброўскі.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Мар'я Кірылаўна ўскрыкнула.

— Не бойцеся, калі ласка, вы не павінны баяцца майго імя. Так, я той няшчасны, ад якога ваш бацька адабраў кавалак хлеба, выгнаў з бацькаўскага дома і паслаў грабіць на вялікіх дарогах. Але вам не трэба мяне баяцца — ні за сябе, ні за яго. Усё скончана. Я яму дараваў. Паслухайце, вы выратавалі яго. Першы мой крывавы ўчынак павінен быў адбыцца над ім. Я хадзіў каля яго дома, вымяркоўваючы, дзе павінен успыхнуць пажар, адкуль увайсці ў яго спальню, каб загарадзіць яму ўсе дарогі да ўцякання — у тую хвіліну вы прайшлі паўз мяне, як нябесная здань, і сэрца маё сцішылася, я зразумеў, што дом, дзе жывеце вы, святы, што ні адна істота, звязаная з вамі крывёй, не падлягае пад маё пракляцце. Я адмовіўся ад помсты, як ад вар'яцтва. Цэлыя дні я блукаў каля садоў Пакроўскага, спадзеючыся ўбачыць здалёк вашу белую сукенку. У часе вашага неасцярожнага спацыравання хадзіў следам за вамі, крадучыся ад куста да куста, шчаслівы ад думкі, што вас ахоўваю, што для вас няма небяспекі там, дзе я прысутнічаю ўпотайкі. Нарэшце выпадак здарыўся. Я пачаў жыць у вашым доме. Гэтыя тры тыдні былі мне днямі шчасця — успаміны аб іх будуць радасцю сумнага майго жыцця... Сёння я атрымаў вестку, пасля якой мне нельга далей тут быць. Я пакідаю вас сёння... зараз-жа... Але раней я павінен быў вам прызнацца, каб вы не пракліналі мяне, не гацьбілі нянавісцю. Думайце часамі аб Дуброўскім. Ведайце, што ён народжан быў дзеля іншых спраў, што душа яго ўмела вас любіць, што ніколі...

Тут пачуўся лёгкі свіст — і Дуброўскі змоўк... Ён хапіў яе руку і прыціснуў да агністых вуснаў. Свіст пачуўся другі раз.

— Даруйце, — сказаў Дуброўскі, - мяне клічуць, хвіліна можа загубіць мяне.

Ён адышоўся. Мар'я Кірылаўна стаяла нерухома. Дуброўскі вярнуўся і зноў узяў яе руку.

— Калі часамі, — сказаў ён ёй ціхім і чулым голасам, калі часамі здарыцца, што няшчасце вас спасцігне і вы ні ад каго не будзеце чакаць дапамогі, у такім выпадку ці абяцаеце вы звярнуцца да мяне, патрабаваць ад мяне ўсяго для вашага ратунку? Ці абяцаеце вы не адкінуць мае адданасці?

Мар'я Кірылаўна плакала моўчкі. Свіст пачуўся трэці раз.

— Вы мяне губіце! — закрычаў Дуброўскі.— Я не пакіну вас, пакуль не дасце мне адказу — абяцаеце вы ці не?

— Абяцаю, — прашаптала няшчасная красуня.

Усхвалёваная спатканнем з Дуброўскім, Мар'я Кірылаўна