Старонка:Дуброўскі.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Госці пачалі развітвацца між сабою, і кожны накіраваўся ў пакой, яму вызначаны. А Антон Пафнуцьіч пайшоў з настаў. нікам у флігель. Ноч была цёмная. Дэфорж асвятляў дарогу ліхтаром. Антон Пафнуцьіч ішоў за ім даволі рухава, прыціскаючы час-ад-часу да грудзей патаемную торбачку, каб упэўніцца, што грошы яго яшчэ пры ім.

Прышоўшы ў флігель, настаўнік запаліў свечку, і абодва пачалі раздзявацца; тымчасам Антон Пафнуцьіч пахаджаў па пакоі, аглядаючы замкі і вокны - і ківаючы галавой пры гэтым сумным аглядзе. Дзверы засоўваліся на адну засоўку, яшчэ не былі ўстаўлены падвойныя вокны. Ён паспрабаваў быў скардзіцца на гэта Дэфоржу, але веды яго ў французскай мове былі вельмі абмежаваныя для такой складанай гаворкі — француз яго не зразумеў, і Антон Пафнуцьіч вымушан быў спыніць свае скаргі. Пасцелі іх стаялі адна насупроць другой, абодва леглі, і настаўнік патушыў свечку.

— Пуркуа ву тушэ, пуркуа ву тушэ[1]? - закрычаў Антон Пафнуцьіч, спрагаючы з грахом напалам рускі дзеяслоў «тушу» на французскі лад. - Я не магу дормір[2] упоцемку.

Дэфорж не зразумеў яго выгуку і пажадаў яму добрай ночы.

— Пракляты басурман, — прамармытаў Спіцын, захутваючыся ў коўдру, — трэба яму было свечку тушыць. Яму-ж горш. Я спаць не буду без агню. — Мусье, мусье, — гаварыў ён далей, — жэ вэ авек ву парле[3]. — Але француз не адказваў і неўзабаве захроп.

«Храпе шэльма француз, — падумаў Антон Пафнуцьіч, - а мне дык і сон у галаву не лезе, боязна, каб зладзеі не ўлезлі праз дзверы, ці праз вокны, а яго, шэльму, і гарматамі не пабудзіш».

— Мусье! га, мусье! каб цябе д'ябал узяў.

Антон Пафнуцьіч змоўк — стомленасць і хмель пакрысе перамаглі яго баязлівасць — ён пачаў драмаць, і неўзабаве глыбокі сон апанаваў яго зусім.

Дзіўнае рыхтавалася яму абуджэнне. Ён адчуваў праз сон, што хтосьці ціхенька тузае яго за каўнер кашулі. Антон Пафнуцьіч расплюшчыў вочы — і пры бледным святле асенняй раніцы ўбачыў перад сабой Дэфоржа; француз у адной руцэ

  1. Нашто вы тушыце, нашто вы тушыце? (па-французску toucher чапаць).
  2. Спаць.
  3. Я хачу з вамі пагаварыць.