Старонка:Дуброўскі.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сталасць, то аддам за яго Машу, дарма што гол як сакол». Андрэй Гаўрылавіч трос галавой і адказваў звычайна: «Не, Кірыла Петровіч: мой Валодзька не жаніх Марыі Кірылаўне. Беднаму двараніну, такому як ён лепш жаніцца на беднай двараначцы, ды быць главой у доме, а то зробіцца прыказчыкам распешчанай кабеткі».

Усе зайздросцілі згодзе, якая была паміж ганарыстым Траекуравым і яго бедным суседам, і дзівіліся смеласці гэтага апошняга, калі ён за сталом у Кірылы Петровіча проста выказваў свае думкі, не клапоцячыся аб тым, ці не было гэта насупраць гаспадарскіх поглядаў. Некаторыя спрабавалі рабіць тое самае і выйсці з межаў устаноўленага паслухмянства, але Кірыла Петровіч так на іх сыкнуў, што назаўсёды адбіў у іх ахвоту да такіх спробаў, і Дуброўскі адзін астаўся па-за агульным законам. Нечаканы выпадак усё змяніў і разбурыў.

Раз, у пачатку восені, Кірыла Петровіч збіраўся на паляванне. Напярэдадні быў дадзен загад сабакарам і падлоўчым быць напагатове да пяці гадзін раніцы. Палатка і кухня накіраваны былі раней на месца, дзе Кірыла Петровіч павінен быў абедаць. Гаспадар і госці пайшлі на псарню, дзе больш за пяцьсот ганчакоў і выжлаў жылі ў раскошы і цяпле, услаўляючы шчодрасць Кірылы Петровіча на сваёй сабачай мове. Тут-жа быў і лазарэт для хворых сабак, пад наглядам штаб- лекара Цімошкі і памяшканне, дзе пародзістыя сукі шчаніліся і кармілі сваіх шчанят. Кірыла Петровіч ганарыўся гэтай цудоўнай установай і ніколі не траціў выпадку пахваліцца ёю перад сваімі гасцямі, з якіх кожны аглядаў яе прынамсі ўжо дваццаты раз. Ён пахаджваў па псарні, абкружаны сваім гасцямі, і следам хадзілі Цімошка і галоўныя сабакары: спыняўся перад некаторымі будкамі, то распытваючы аб здароўі хворых, то робячы заўвагі больш ці менш строгія: справядлівыя, то клічучы да сябе знаёмых сабак і ласкава з ім гаворачы. Госці мелі абавязак хваліць сабакарню Кірыла Петровіча. Адзін Дуброўскі маўчаў і хмурыўся. Ён быў заўзяты паляўнічы. Яго сродкі дазвалялі яму трымаць только двух ганчакоў і адзін гурт выжлаў. Ён не мог утрымацца ад некаторай зайздрасці, бачачы гэтую найцудоўнейшую установу.

— Чаго-ж ты, браце, хмурышся, — запытаў у яго Кірыла Петровіч, — хіба мая сабакарня табе не падабаецца?

— Не, - адказаў ён жорстка, — сабакарня цудоўная, — наўрад ці людзям вашым жыццё такое, як вашым сабакам.

Адзін з сабакароў пакрыўдзіўся.

— Мы на сваё жыццё, — сказаў ён, — дзякуючы богу і