Старонка:Дружчыц Беларускія месты.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Цэнтральны ўрад у сваіх адказах на скаргі насельніцтва аб парушэньні „старыны" ў XV і XVI ст. заўсёды падкрэсьліваў, што ён старыны ня рухае, а навіны ня ўводзіць. Аднак, гэтыя заявы цэнтральнага ўраду канца XV і пачатку XVI ст. не адпавядалі запраўднасьці. У вялікіх местах многае зьмянілася ў параўнаньні з ранейшымі часамі.

У XV і XVI ст. усё жыцьцё значна і глыбака зьмянілася. Сама ўзмоцненая цэнтральная ўлада выступае супроць тых рэштак „старыны", якія здаюцца ёй нявыгоднымі. Актыўны ўдзел старажытных мест у політыцы, іх ясныя і вызначаныя заявы у адносінах тых ці іншых князёў, іх удзел у вабраньні князёў—не маглі падабацца кіраўніком Літоўскага княства і політычным імкненьням буйных мескіх цэнтраў быў паложаны канец. Вечы Полацку, Кіева, Віцебску і Смаленску ўваходзяць у новы пэрыод свайго існаваньня. З сфэры дзейнасьці веча адпадаюць політычныя пытаньні, з другога боку, зьнікае ранейшая сувязь места з воласьцю, за заявамі веча ўжо не стаіць ўся воласьць і, адпаведна гэтаму, заявы веча трацяць сваё значэньне.

З памяншэньнем значэньня веча буйных мест, па думцы А. Грушэўскага, зьнікае ранейшая рэзкая розьніца паміж дзейнасьцю вечаў буйных і малых мест. Як веча малых мест абгаварвала толькі свае мясцовыя справы, не закранаючы агульна-політычных парадкаў, так у XV і XVI ст. веча буйных мест ня выходзіць з рамак мясцовага жыцьця. Па думцы А. Грушэўскага ранейшыя сувязі места з воласьцю захоўваюцца ў канцы XV і XVI ст. пакуль іх не разрывае ўвядзеньне майдэборскага права. Гэтыя сувязі, аднак, не ранейшыя і не закранаюць політычнага жыцьця. Месты і воласьць аднолькава падпарадкаваны адміністрацыйнай уладзе гаспадарскага намесьніка-дзяржаўцы, падлягаюць яго суду, нясуць агульныя павіннасьці і плацяць агульныя падаткі.

Далей А. С. Грушэўскі высьвятляе компэтэнцыю веча ў гэтую эпоху як буйных старажытных мест, так і малых мест і сочыць за абмежаваньнем яго компэтэнцыі намесьнікамі-дзяржаўцамі і тымі ўзаемаадносінамі, якія складаюцца паміж намесьнікамі-дзяржаўцамі і местамі ў канцы XV і ў XVI ст. Урэшце А. С. Грушэўскі вывучае службы, падаткі і павіннасьці мяшчан ў XV і XVI ст.

На першым месцы стаіць служба ваенная. Зусім правільна А. С. Грушэўскі адрозьнівае службу тых мяшчан, якія несьлі земскую ваенную службу нароўне з панамі і шляхтаю,— і абавязак усяго мяшчанства прымаць удзел у мобілізацыі сіл замку для барацьбы з ворагам. З погляду А. С. Грушэўскага ў XIV і XV ст. не існавала яшчэ розьніцы паміж зямянамі і мяшчанамі ў нясеньні імі вайсковае службы.