Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/268

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Застаецца яшчэ садраць скуру з хваста[1]. Тое, што я сказаў, толькі салодкі торт і пернікі. Калі ваша міласць хоча ведаць усё, я адразу прывяду сюды чалавека, які раскажа вам пра ўсё, не прапусціўшы ні на грош. Сёння ўначы прыехаў сын Барталамео Караско, які вучыўся ў Саламанцы; цяпер ён бакалаўр. Ён мне сказаў, што гісторыя вашай міласці ўжо вышла з друку і мае назву: „Дасціпны ідальго Дон-Кіхот Ламанчскі“. Там успамянулі і пра мяне пад маім сапраўдным імем Санчо Панса, пра сен’ёру Дульсінею і пра іншыя рэчы, якія адбываліся ў нас з вамі адзін-на-адзін. Ніяк не ўцямлю, якім чынам той, хто напісаў гісторыю, мог даведацца пра ўсе нашы справы.

— Запэўняю цябе, Санчо, што аўтар нашай гісторыі, напэўна, які-небудзь мудры чараўнік. Толькі для іх нічога не можа быць схаваным з таго, што яны захочуць даведацца.

— Вельмі можа быць, — адказаў Санчо. — Але калі ваша міласць захоча, каб я прывёў сюды бакалаўра, дык я збегаю па яго.

— Ты гэтым зробіш мне вялікую ласку, сябра.

Санчо адразу-ж пайшоў шукаць бакалаўра, з якім хутка вярнуўся.


РАЗДЗЕЛ III
Пра смешную гутарку, якая адбылася між Дон-Кіхотам, Санчо Панса і бакалаўрам Сансонам Караско

Дон-Кіхот сядзеў, глыбока задумаўшыся, чакаючы бакалаўра Караско, ад якога спадзяваўся пачуць навіны пра самога сябе, надрукаваныя ў кнізе, як казаў Санчо. Ён не мог паверыць, што гісторыя гэта сапраўды існуе. Няўжо кроў забітых ім ворагаў не паспела яшчэ высахнуць на лязы яго мяча, а яго высокія рыцарскія ўчынкі ўжо з’явіліся ў друку? Напэўна, які-небудзь мудрэц з дапамогаю чараўніцтва надрукаваў іх. Ва ўсякім выпадку, калі падобная гісторыя існуе, дык, паколькі ў ёй гутарка ідзе пра ван-

  1. Іспанская прыказка, маючая сэнс: засталося сказаць самае галоўнае.