Старонка:Домбі і сын.pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

маленькага Поля першая страта яшчэ мацней прыціснула яе сваім цяжарам, — яна не магла звярнуцца за дапамогай, ні да каго, апрача С'юзен. О, хто можа сказаць, як вельмі патрэбна была ёй дапамога ў першы час!

Першы час, калі жыццё ў доме ўвайшло ў прывычную каляю, калі раз'ехаліся ўсе, апрача слуг, а бацька замкнуўся ў сваіх пакоях, Фларэнс магла толькі плакаць, блукаць па доме, а часамі, пад наплывам пакутлівых успамінаў, убягаць у свой пакой, ламаць рукі, кідацца ніцма на ложак і не знаходзіць ніякага ўцяшэння — нічога, апрача горкага і жорсткага смутку. Звычайна гэта здаралася, калі яна бачыла які-небудзь куток або рэч, цесна звязаную з Полем; і дзякуючы гэтаму першы час злашчасны дом ператварыўся для яе ў месца катавання.

Але чыстай любові неўласціва гарэць так шалёна і так бязлітасна доўга.

Прайшло крыху часу, і залатая вада, якая струменіла па сцяне на ранейшым месцы, у ранейшую ціхую гадзіну, павольна ўбываючы, зноў прыцягвала яе спакойны позірк. Прайшло крыху часу, і яна зноў часта заходзіла ў гэты пакой, сядзела тут адна, такая-ж цярплівая і ціхая, як і тады, калі дзяжурыла ля ложка.

Прайшло крыху часу, і ў сумным доме, такім вялікім і панурым, яе ціхі голас упрыцемку, павольна і калі-нікалі перарываючыся, заспяваў тую старую песеньку, якую так часта слухаў Поль, прытуліўшы галаву да яе пляча. А пасля, калі зусім сцямнела, музыка загучэла ў пакоі; яна грала і спявала так ціха, што гэта хутчэй нагадвала журботны ўспамін аб тым, як яна спявала па яго просьбе, у той апошні вечар, чым паўтарэнне. Але гэта паўтаралася часта, вельмі часта, у змрочнай адзіноце, і перарывістае гурчанне мелодыі яшчэ дрыжэла на клавішах, калі слёзы заглушалі пяшчотны голас.

Так набралася яна мужнасці глянуць на рукадзелле, якім заняты былі яе пальцы, калі яна сядзела побач з ім на марскім беразе; так прайшло нямнога часу, і яна зноў узялася за рукадзелле, адчуваючы да яго якуюсьці пяшчотную прывязанасць, нібы яно надзелена было свядомасцю і памятала аб Полі; і, седзячы ля акна, каля партрэта маткі, у нежылым, даўно закінутым пакоі, яна праводзіла гадзіны ў задуменні.

Чаму так часта цёмныя вочы адрываліся ад гэтай работы, каб зірнуць на дом, дзе жылі румяныя дзеці? Яны не напаміналі ёй непасрэдна аб яе страце, бо гэта былі дзяўчынкі, чатыры маленькія сястры. Але ў іх, як і ў яе, не было маці, і быў бацька.

Лёгка было адгадаць, калі яго не было дома і чакалі яго звароту, таму што старэйшая дзяўчынка заўсёды апраналася і пільнавала яго ў гасцінай ля акна або на балконе; і калі ён з'яўляўся, яе ўважлівы тварык асвятляўся радасцю, а другія дзеці, ля высокага акна і заўсёды на варце, пляскалі ў далоні,