Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ліст пры адным яго паяўленні, маўчаў і вымушана ўсміхаўся. Васіль аднойчы ледзь зусім не звёў яго са свету — прапанаваўшы яму закласціся, што ён, Рагачоў, не зможа перастаць усміхацца. Небарака Павел Апанасавіч ледзь не заплакаў ад замяшання, але — сапраўды! — усмешка, недарэчная, напружаная ўсмешка не хацела зыйсці з яго ўспацелага твара! А Васіль марудна перабіраў пальцамі канцы сваёй шыйнай хусткі і паглядаў на яго занадта ўжо пагардліва. Бацька Паўла Апанасавіча даведаўся таксама аб прыбыцці Васіля, і праз некалькі дзён — дзеля «большай важнасці» — адправіўся ў Лучынаўку з намерам: «павіншаваць любезнага госця з прыездам у родныя палестыны». Апанас Лукіч славіўся ва ўсім акалотку сваім красамоўствам — г. зн. уменнем не запінаючыся сказаць досыць доўгую і хітра сплеценую прамову, з лёгкай прымессю кніжных слоўцаў. Але не! на гэты раз ён не падтрымаў сваёй славы: збянтэжыўся значна больш за сына свайго, Паўла Апанасавіча; прамармытаў штосьці зусім незразумелае і хоць зроду не піў гарэлкі, але тут, «для кантэнансу», выпіў чарачку (ён застаў Васіля снедаючы) — хацеў было прынамсі, сказануць з некаторай самастойнасцю, і не зрабіў ніякага гуку. Ад’язджаючы дадому, Павел Апанасавіч шапнуў свайму бацьку: «Ну, што, татуля?» Апанас Лукіч са смуткам адказваў яму, таксама шэптам: «І не кажы!».

Рагачовы пачалі радзей ездзіць у Лучынаўку. Між іншым, Васіль запалохаў не іх адных: у братах сваіх, у іх жонках, нават у самой Анне Паўлаўне ўзбуджаў ён тужлівую, мімавольную нялоўкасць… Яны сталі ўсяляк чурацца яго; Васіль не мог гэтага не заўважыць, але, відавочна, не меў намеру перамяніць сваё абыходжанне з імі, як раптам у пачатку вясны ён з’явіўся зноў тым ветлівым, мілым чалавекам, якім яго раней ведалі…

Першым праяўленнем гэтай раптоўнай перамены быў нечаканы прыезд Васіля да Рагачовых. Афанасій Лукіч, у асаблівасці, вельмі спужаўся, убачыўшы каляску Лучынава, але спалох яго знік вельмі хутка. Ніколі Васіль не быў ласкавейшы і весялейшы. Ён узяў маладога Рагачова пад руку, пайшоў з ім аглядаць будынак, гутарыў з цеслярамі, даваў ім парады, рабіў сам нарубкі тапаром, загадаў паказаць яму завадскіх Лукічовых коней, сам ганяў іх на кордзе — і наогул сваёй гасціннай ласкавасцю давёў добрых стэпнякоў, да таго, што яны абодва неаднаразова яго абнялі. Дома Васіль таксама за некалькі дзён паранейшаму ўскружыў усім галовы: выдумаў розныя смешныя гульні, дастаў музыкантаў, наклікаў