Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

не абражаў мяне; ён паважаў маю свабоду — ён нават быў, калі можна так сказаць, далікатным са мною… толькі ён не дапускаў мяне да сябе. Я любіў яго, я любаваўся ім, ён здаваўся мне ўзорам мужчыны — і, божа мой, як-бы я моцна да яго прывязаўся, калі-б я заўсёды не адчуваў яго адхіляючай рукі! Затое, калі ён хацеў, ён умеў амаль уміг, адным словам, адным рухам узбудзіць у мне неабмежаваную даверлівасць да сябе. Душа мая раскрывалася — я размаўляў з ім, як з разумным прыяцелем, як з ласкавым настаўнікам… затым ён таксама нечакана пакідаў мяне — і рука яго зноў адхіляла мяне — ласкава і мякка, але адхіляла.

На яго находзіла іншы раз весялосць — і тады ён гатоў быў гуляць і сваволіць са мною як хлопчык (ён любіў усякі моцны цялесны рух); адзін раз — усяго толькі адзін раз! — ён прылашчыў мяне з такой пяшчотай, што я ледзь не заплакаў… Але і весялосць яго, і пяшчотнасць знікалі бясследна — і тое, што адбывалася паміж намі, не давала мне ніякіх надзей на будучыню — нібы я ўсё гэта ў сне бачыў. Бывала, стану я разглядаць яго разумны, прыгожы, светлы твар… сэрца маё задрыжыць, і ўся істота мая паімкнецца да яго… ён нібы адчуе, што ў мне абываецца, мімаходзь патрэпле мяне па шчацэ — і або пойдзе, або зоймецца чым-небудзь, або раптам увесь застыне, як ён адзін умеў застываць, і я адразу-ж сціснуся і таксама пахаладзею. Рэдкія прыпадкі яго прыхільнасці да мяне ніколі не былі выкліканы маімі маўклівымі, але зразумелымі просьбамі, — яны прыходзілі заўсёды нечакана. — Размышляючы пасля аб характары свайго бацькі, я прышоў да таго заключэння, што яму было не да мяне — і не да сямейнага жыцця; ён любіў іншае і ў поўнай меры атрымаў асалоду ад гэтага іншага. «Сам бяры, што можаш, а ў рукі не давайся; самому сабе належаць — у гэтым уся штука жыцця», — сказаў ён мне аднойчы. У наступны раз, я, у якасці маладога дэмакрата, пачаў у прысутнасці яго разважаць аб свабодзе (ён ў той дзень быў, як я гэта называў, «добры»; тады з ім можна было гаварыць аб чым хочаш). — Свабода, — паўтарыў ён: — а ці ведаеш ты, што можа чалавеку даць свабоду?

— Што?

— Воля, уласная воля, і ўладу яна дасць, якая лепш за свабоду. Умей хацець — і будзеш свабодным, і камандаваць будзеш.

Бацька мой перш за ўсё і больш за ўсё хацеў жыць… і жыў: магчыма, ён прадчуваў, што яму не прыдзецца доўга ка-