Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Абедзве, — запярэчыла Зінаіда і працягнула да яго рукі. Пакуль ён цалаваў іх, яна глядзела на мяне цераз плячо.

Я стаяў нерухома на адным месцы і не ведаў — ці засмяяцца мне, ці сказаць што-небудзь або так прамаўчаць. Раптам у адчыненых дзвярах пярэдняй, мне кінулася ў вочы фігура нашага лакея Фёдара. Ён рабіў мне знакі. Я машынальна вышаў да яго.

— Чаго ты? — запытаўся я.

— Мамка прыслала па вас, — сказаў ён шэптам. — Яны гневаюцца, што вы з адказам не вяртаецеся.

— Ды хіба я даўно тут?

— Больш гадзіны.

— Больш гадзіны! — паўтарыў я мімавольна — і, вярнуўшыся ў гасціную, пачаў раскланьвацца і шоргаць нагамі.

— Куды вы? — запыталася ў мяне княжна, зірнуўшы з-за гусара.

— Мне дадому трэба. Дык я скажу, — дадаў я, звяртаючыся да старой: — што вы зойдзеце да нас а другой гадзіне.

— Так і скажыце, баценька.

Княгіня таропка дастала табакерку і так шумна панюхала, што я нават уздрыгануўся. — Так і скажыце, — паўтарыла яна, слязліва міргаючы і крэкчучы.

Я яшчэ раз пакланіўся, павярнуўся і вышаў з пакоя з тым пачуццём нялоўкасці ў спіне, якую адчувае вельмі малады чалавек, калі ён ведае, што яму глядзяць услед.

— Глядзіце, мс’е Вальдэмар, заходзьце да нас, — крыкнула Зінаіда і зноў рассмяялася.

«Што гэта яна ўсё смяецца?» думаў я, вяртаючыся дадому ў суправаджэнні Фёдара, які нічога мне не гаварыў, але ішоў за мною з дрэнным настроем. Матуля на мяне пасварылася і здзівілася: што я мог так доўга рабіць у гэтай княгіні? я нічога не адказваў ёй — і пайшоў да сябе ў пакой. Мне раптам стала вельмі сумна… Я сіліўся не плакаць… я рэўнаваў да гусара!

V

Княгіня, як абяцала, наведала матулю — і не спадабалася ёй. Я не прысутнічаў пры іх спатканні, але за сталом матуля расказвала бацьку, што гэта княгіня Засекіна ёй здаецца une femme très vulgaire, што яна вельмі надакучыла ёй сваімі просьбамі хадайнічаць за яе ў князя Сергія, што ў