Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з’явіцца да яе. Я застаў матулю ў дрэнным настроі: бацькі не было дома, і ёй не было з кім параіцца. Не адказваць «благароднай даме», ды яшчэ княгіні, было немагчыма, а як адказваць — матуля не ведала. — Напісаць запіску па-французску здавалася ёй няўмесным — а ў рускай арфаграфіі сама матуля не была моцнай — і ведала гэта — і не хацела кампраметаваць сябе. Яна ўзрадавалася майму прыходу і адразу-ж загадала мне схадзіць да княгіні і словамі растлумачыць ёй, што матуля мая заўсёды гатова зрабіць яе светласці, па меры сіл, паслугу — і просіць яе зайсці гадзіне а першай. — Нечакана хуткае спаўненне маіх таемных жаданняў мяне і ўзрадавала і спалохала; аднак я не выказаў авалодаўшай мною збянтэжанасці — і папярэдне пайшоў да сябе ў пакой, каб надзець новенькі гальштук і сурдуцік: дома я яшчэ хадзіў у куртцы і з адкладнымі каўнерыкамі, хоць яны надта мне ўжо надакучылі.

IV

У цеснай і неахайнай пярэдняй флігельчыка, куды я зайшоў з мімавольным дрыжэннем ва ўсім целе, — сустрэў мяне стары і сівы слуга з цёмным, меднага колеру, тварам, свінымі панурымі вочкамі і такімі глыбокімі маршчынамі на ілбе і на скронях, якіх я ў жыцці не бачыў. Ён нёс на талерцы аб’едзены хрыбет селядца — і, прычыняючы нагою дзверы, што выходзілі ў другі пакой, адрывіста прагаварыў: — чаго вам?

— Княгіня Засекіна дома? — запытаўся я.

— Ваніфаці! — закрычаў за дзвярыма брынклівы жаночы голас.

Слуга моўчкі павярнуўся да мяне спіною, прычым я ўбачыў моцна выцертую спіну яго ліўрэі — з адзінокім парыжэлым гербавым гузікам — і пайшоў, паставіўшы талерку на падлогу.

— У квартал хадзіў? — паўтарыў той самы жаночы голас. Слуга прамармытаў нешта. — А?.. Прышоў нехта? — пачулася зноў. — Суседні паніч! — Ну — прасі.

— Калі ласка ў гасціную, — прагаварыў слуга, паявіўшыся зноў перада мною — і падымаючы талерку з падлогі. Я паправіўся і зайшоў у «гасціную».

Я апынуўся ў невялікім і не зусім ахайным пакоі з беднай, нібы наспех расстаўленай мэбляй. Ля акна, на крэсле з адламанай ручкай, сядзела жанчына гадоў пяцідзесяці,