Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/123

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

памаленьку стукнуў у дзверы; яны адразу-ж адчыніліся. Я пераступіў парог і апынуўся ў цемені.

— Сюды, — пачуўся голас старой. — Вас чакаюць.

Я ступіў разы са два навобмацак, чыясьці кастлявая рука ўзяла маю руку.

— Гэта вы, Фрау Луізе? — запытаўся я.

— Я, — адказваў мне той-жа голас: — я, мой цудоўны малады чалавек. — Старая павяла мяне зноў наверх, па крутой лесніцы, і спынілася на пляцоўцы трэцяга паверха. Пры слабым святле, якое падала з маленькага акенца, я ўбачыў маршчыністы твар удавы бургамістра. Да прыкрасці хітрая ўсмешка расцягвала яе ўпалыя губы, жмурыла цьмяныя вочы. Яна паказала мне на маленькія дзверы. Сударгавым рухам рукі адчыніў я іх і захлопнуў за сабою.

ХVІ

У невялікім пакойчыку, куды я ўвайшоў, было досыць цёмна, і я не адразу ўбачыў Асю. Захутаная ў доўгі шаль, яна сядзела на крэсле, каля акна адвярнуўшы і амаль схаваўшы галаву, як напалоханая птушка. Яна дыхала часта і ўся дрыжэла. Мне стала страшэнна шкада яе. Я падышоў да яе. Яна яшчэ больш адвярнула галаву.

— Анна Нікалаеўна, — сказаў я.

Яна раптам уся выпрасталася, хацела зірнуць на мяне — і не магла. Я схапіў яе руку, яна была халодная і ляжала як мёртвая на маёй далоні.

— Я хацела… — пачала Ася, стараючыся ўсміхнуцца, але яе бледныя губы не слухаліся яе, — я хацела… Не, не магу, — прагаварыла яна і змоўкла. Сапраўды, голас яе перапыняўся на кожным слове.

Я сеў каля яе.

— Анна Нікалаеўна, — паўтарыў я, і таксама не мог нічога дадаць.

Наступіла маўчанне. Я прадаўжаў трымаць яе руку і глядзеў на яе. Яна, па-ранейшаму, уся сціскалася, цяжка дыхала і па маленьку кусала ніжнюю губу, каб не заплакаць, каб стрымаць накіпаўшыя слёзы… Я глядзеў на яе: было штосьці чароўна-бездапаможнае ў яе нясмелай нерухомасці, нібы яна ад стомленасці ледзь дабралася да крэсла і так і кінулася на яго. Сэрца ў мяне растаяла.

— Ася, — сказаў я ледзь чутна…