Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што бяда! Калі-б вы бачылі, як яна сёння плакала ля маіх ног, вы-б зразумелі маю баязнь.

Я задумаўся. Словы Гагіна: «спатканне вам назначыць» кальнулі мяне ў сэрца. Мне здалося ганебным не адказваць шчырасцю на яго чэсную шчырасць.

— Так, — сказаў я нарэшце: — ваша праўда. Гадзіну таму назад, я атрымаў ад вашай сястры запіску. Вось яна.

Гагін узяў запіску, хутка прачытаў яе і апусціў рукі на калені. Выраз здзіўлення на яго твары быў вельмі забаўны, але мне было не да смеху.

— Вы, паўтараю, благародны чалавек, — сказаў ён: — але што-ж цяпер рабіць? Як? яна сама хоча паехаць, і піша да вас, і дакарае сябе ў неасцярожнасці… і калі гэта яна паспела напісаць? Чаго-ж яна хоча ад вас?

Я супакоіў яго, і мы пачалі размаўляць спакойна, па меры магчымасці, аб тым што нам патрэбна было прадпрыняць.

Вось на чым мы спыніліся, нарэшце: каб унікнуць бяды, я павінен быў ісці на спатканне і сумленна пагаварыць аб усім з Асяй: Гагін абавязаўся сядзець дома і не паказваць віду, што яму вядома яе запіска, а вечарам мы дамовіліся спаткацца зноў.

— Я цвёрда спадзяюся на вас, — сказаў Гагін і сціснуў мне руку: — пашкадуйце і яе, і мяне. А выязджаем мы, усё-такі, заўтра, дадаў ён, устаючы: — таму што вы Асю замуж не возьмеце.

— Дайце мне тэрміну да вечара, — запярэчыў я.

— Калі ласка, але вы замуж яе не возьмеце.

Ён пайшоў, а я кінуўся на канапу і заплюшчыў вочы. Галава ў мяне ходырам хадзіла: вельмі многа ўражанняў нахлынула адразу. Я быў нездаволены адкрытасцю Гагіна, я быў нездаволены Асяй, яе каханне мяне і радавала, і бянтэжыла. Я не мог зразумець, што прымусіла яе расказаць усё брату: неўнікнёнасць хуткага, амаль імгненнага рашэння мучыла мяне…

«Жаніцца з семнаццацігадовай дзяўчынкай, з яе норавам, як гэта можна!» — сказаў я, устаючы.

ХV

Ва ўмоўленую, гадзіну пераправіўся я цераз Рэйн, і першая асоба, якая сустрэла мяне на супроцьлеглым беразе, быў той самы хлопчык, які прыходзіў да мяне раніцой. Ён, як відаць, чакаў мяне.