Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Бадзёры ішоў я па знаёмай дарозе, увесь час паглядаючы на здалёку бялеўшы домік; я не толькі аб будучым — я аб заўтрашнім дні не думаў; мне было вельмі добра.

Ася пачырванела, калі я зайшоў у пакой; я заўважыў, што яна зноў прыбралася, але выраз яе твару не адпавядаў яе ўбранню: ён быў сумны. А я прышоў такім вясёлым! Мне здалося нават, што яна, па свайму звычаю, сабралася бегчы, але зрабіла намаганне над сабою — і засталася. Гагін знаходзіўся ў тым асаблівым стане мастацкага жару і ярасці, які, у выглядзе прыпадку, нечакана авалодвае дылетантамі, калі яны ўявяць, што ім удалося, як яны кажуць, «злавіць прыроду за хвост». Ён стаяў, увесь ускудлачаны і выпэцканы фарбамі, перад нацягненым палатном і, шырока размахваючы па ім пэндзлем, амаль злосна кіўнуў мне галавой, адсунуўся, прыжмурыў вочы і зноў накінуўся на сваю карціну. Я не стаў перашкаджаць яму і падсеў да Асі. Павольна павярнуліся да мяне яе цёмныя вочы.

— Вы сёння не такая, як учора, — заўважыў я пасля дарэмных намаганняў выклікаць усмешку на яе губы.

— Не, не такая, — запярэчыла яна спакойным і глухім голасам. — Але гэта нічога. Я не добра спала, цэлую ноч думала.

— Аб чым?

— Ах, я шмат аб чым думала. Гэта ў мяне прывычка з дзяцінства: яшчэ з таго часу, калі я жыла з матуляй…

Яна з намаганнем прагаварыла гэта слова, і пасля яшчэ раз паўтарыла:

— Калі я жыла з матуляй… я думала, чаму гэта ніхто не можа ведаць, што з ім будзе; а іншы раз і бачыш бяду — ды выратавацца нельга; і чаму ніколі нельга сказаць усёй праўды?.. Пасля я думала, што я нічога не ведаю, што мне патрэбна вучыцца. Мяне перавыхаваць трэба, я вельмі пагана выхавана. Я не ўмею граць на фартэпіяно, не ўмею маляваць, я нават шыю дрэнна. У мяне няма ніякіх здольнасцей, са мною, напэўна, вельмі нудна.

— Вы несправядлівы да сябе, — запярэчыў я. — Вы шмат чыталі, вы адукаваны, і з вашым розумам…

— А я разумная? — запыталася яна з такой наіўнай цікаўнасцю, што я нехаця засмяяўся, але яна нават не ўсміхнулася. — Брат, я разумная? — запыталася яна ў Гагіна.

Ён нічога не адказваў ёй і прадаўжаў працаваць, безупынна мяняючы пэндзлі і высока падымаючы руку.

— Я сама не ведаю іншы раз, што ў мяне ў галаве, —