— А вы гэтага не заўважылі? Вас гэта не радуе?
Аркадзій задумаўся.
— Чым я мог заслужыць ласку Анны Сяргееўны? Ужо ці не тым, што прывёз ёй лісты вашай матухны?
— І гэтым, і другія ёсць прычыны, якіх я не скажу.
— Гэта чаму?
— Не скажу.
— О! я ведаю: вы вельмі ўпартыя.
— Упартая.
— І назіральныя.
Каця паглядзела збоку на Аркадзія.
— Можа быць, вас гэта злуе? Пра што вы думаеце?
— Я думаю пра тое, адкуль магла прыйсці гэта назіральнасць, якая сапраўды ёсць у вас. Вы такія пужлівыя, недаверлівыя; усіх чужаецеся...
— Я шмат жыла адна; мімаволі раздумваць пачнеш. Але хіба я ўсіх чужаюся?
Аркадзій кінуў удзячны погляд на Кацю.
— Усё гэта добра, — казаў ён, — але людзі ў вашым становішчы, я хачу сказаць з вашым багаццем, рэдка маюць гэты дар; да іх, як да цароў, сапраўды цяжка дайсці.
— Ды я-ж небагатая.
Аркадзій здзівіўся і не адразу зразумеў Кацю. «І сапраўды, маёнтак увесь сястрын!» прышло яму ў галаву; гэта думка яму не была непрыемнаю.
— Як вы гэта добра сказалі! — прамовіў ён.
— А што?
— Сказалі добра; проста, не саромячыся і не фігуруючы. Дарэчы: я ўяўляю, у пачуцці чалавека, які ведае і кажа, што ён бедны, павінна быць нешта асаблівае, нейкая свайго роду ганарлівасць.
— Я нічога гэтага не зазнала, з ласкі сястры; я спамянула пра сваё багацце толькі таму, што да слова прышлося.
— Так; але прызнайцеся, што і ў вас ёсць часцінка тае ганарлівасці, пра якую я зараз гаварыў.
— Напрыклад?
— Напрыклад, вы-ж — прабачце мае запытанне, — вы-б пайшлі замуж за багатага чалавека?
— Калі-б я яго вельмі любіла... Не, здаецца, і тады-б не пайшла.
— А! Вось бачыце! — ускрыкнуў Аркадзій і, пачакаўшы трохі, дадаў: — а чаму-б вы за яго не пайшлі?
— Таму, што і ў песні пра нераўню пяецца.
— Вы, можа быць, хочаце быць уладаркаю альбо...
— О не! да чаго гэта? Наадварот, я гатова пакарыцца,