— У яе нават няма шчупальцаў!—сказалі другія...
— Якая яна тонкая! Яна зусім як чалавек! —сказалі трэція. :
— Яна вельмі непрыгожая! парашылі нарэшце ўсе жукі.
Тут і майскаму жуку, які прынёс Дзюймовачку, здалося таксама, што яна вельмі непрыгожая, і ён не захацеў болей трымаць яе ў сябе, — хай ідзе куды хоча. Ён зляцеў з ёю ўніз і пасадзіў яе на рамашку.
Дзюймовачка сядзела на кветцы і плакала: ёй было крыўдна, што яна такая непрыгожая. Нават майскія жукі прагналі яе.
Усё лета пражыла Дзюймовачка адна-адзінюткая ў лесе. Яна спляла сабе з травы калыску і павесіла гэтую калыску пад вялікі ліст лопуха, каб яе не замачыў дожджык. Яна ела салодкі кветкавы мёд і піла расу, якую кожную раніцу знаходзіла на лісцях.
Так прайшло лета, прайшла і восень. Набліжалася доўгая халодная зіма, Усе птушкі адляцелі, кветкі завялі, а вялікі лопух, пад якім жыла Дзюймовачка, пажоўк, засох і скруціўся ў трубачку.
Дзюймовачка дрыжала ад холаду: сукенка яе ўся парвалася, а сама яна была такая маленькая, кволая—як ёй не мерзнуць? Пайшоў снег, і кожная сняжынка была для Дзюймовачкі тое самае, што для нас цэлая лапата снегу. Мы-ж вялікія, а яна была ўсяго толькі з дзюйм росту. Яна загарнулася была ў сухі ліст, але ён зусім не грэў, і Дзюймовачка сама дрыжала, як асенні ліст.
Тады Дзюймовачка парашыла пайсці з лесу і пашукаць сабе прытулак на зіму.
За лесам, у якім жыла Дзюймовачка, было вялікае поле. Хлеб з поля даўно ўжо ўбралі, і толькі кароткія сухія сцябельчыкі вытыркаліся з мерзлай зямлі.
У полі было яшчэ халадней, чым у лесе, і небарака зусім змерзла. І вось Дзюймовачка прышла да норкі палявой мышкі; уваход у норку быў прыкрыты сухімі сцябельчыкамі. Палявая мышка жыла ў цяпле і была заможная: кухня і кладоўка ў яе былі даверху напоўнены збожжам. Дзюймовачка