Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

зярнятка ў гаршчок для кветак. Толькі яна яго пасадзіла, зярнятка адразу дало расток, а з растка вырасла вялікая цудоўная кветка, зусім як цюльпан. Але пялёсткі кветкі былі шчыльна сціснутыя, як у бутона.

— Якая цудоўная, кветка! — сказала жанчына і пацалавала прыгожыя пялёсткі. І як толькі яна пацалавала пялёсткі, там унутры, у бутоне, нешта шпокнула—і кветка распусцілася. Гэта быў зусім цюльпан, але ў самой чашачцы на зялёным песціку сядзела дзяўчынка. Яна была маленькая-маленькая, усяго дзюйм росту. Яе так і празвалі Дзюймовачкай.

Шкарлупіна грэцкага арэха была яе калыскай, блакітныя фіялкі пярынай, а пялёстак ружы коўдрай. У шкарлупіне яна спала ноч, а ўдзень гуляла на стале. Жанчына паставіла на стол талерку з вадой, а па краях талеркі паклала кветкі, і доўгія сцябельчыкі кветак купаліся ў вадзе. Для маленькай Дзюймовачкі талерка з вадой была цэлым возерам, і Дзюймовачка плавала па гэтым возеры на пялёстку цюльпана, як на лодачцы. Замест вёслаў у яе былі два белыя конскія валасы. Дзюймовачка цэлыя дні каталася на сваёй цудоўнай лодачцы, пераплывала з аднаго боку талеркі на другі і спявала песні. Такога пяшчотнага галаска, як у яе, ніхто ніколі не чуў.

Аднаго разу ўначы, калі Дзюймовачка спала ў сваёй калысцы; праз адчыненае акно ў пакой улезла вялізная жаба, мокрая і брыдкая. Яна скокнула прама на стол і заглянула ў шкарлупіну, дзе спала пад пялёсткай ружы Дзюймовачка.

— Вось дзе добрая жонка будзе майму сынку! — сказала жаба. Яна схапіла арэхавую, шкарлупіну з дзяўчынкай і выскачыла праз акно ў сад.

У садзе працякала рэчка, а ля самага яе берага было топкае балота. Тут вось, у балотнай твані, і жыла старая жаба са сваім сынам. Сын быў таксама мокры і брыдкі — акурат як і яго маці, старая жаба.

— Коакс, коакс, брэкке-ке-кекс!- толькі і мог ён сказаць, калі ўбачыў маленькую дзяўчынку ў арэхавай шкарлупіне.

— Цішэй, ты! Разбудзіш яе, і яна ўцячэ ад нас,—сказала старая жаба.— Яна-ж лягчэй за лебядзіны пух. Пасадзім лепш яе на самую сярэдзіну ракі, на шырокі ліст куўшынкі,— гэта цэлы востраў для такой крошкі. Адтуль ужо ёй аніяк