Старонка:Аляхновіч Пан Міністар.pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зьява 12

ФІЛІМОН (адзін).

Філімон (уваходзіць неспакойны). Любачка! Дзе Любачка? Любачка! (ходзіць па сцэне, ідзе на балькон, пасьля пабачыў на стале пісьмо Любы, чытае): „Дарагі дзядзя! Хаця Вы й ня дзядзя, але я ўжо так прывыкла. Бывайце здаровы і ня гневайцеся. Я сягоньня пакідаю ваш дом. Люба“. (Гавора). Уцякла! Любачка ўцякла!.. А можа толькі пажартавала, можа схавалася? (Ідзе ў пакой Любы, пасьля варочаецца). Няма... няма!.. Няма пальта, няма капялюша, няма чэмаданчыка! Уцякла, Любачка ўцякла!..

Праз гэты час пяяньне прыблізілася, песьню чуваць ужо выразьней:

Імя і сілу беларуса
Няхай пачуе й бачыць той,
Хто сьмее нам нясьці прымусы
I першы выкліча на бой.
 
На бой за славу і за волю
Народу беднага свайго,
Браты, цярпеўшыя даволі,
На бой мы ўсе да аднаго!

Філімон. О!.. Народ ідзе!.. Пройдзе, здратуе растопча, як сухую, непатрэбную траву! (бяжыць на балькон і крычыць). Вон! вон! Хамы! Шалёныя! Філімона Пупкіна не растопчаце!