Пракламацыя аб вызваленні нявольнікаў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пракламацыя аб вызваленні нявольнікаў (The Emancipation Proclamation, 1863)

1863

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Паколькі ў дваццаць другі дзень верасня, у годзе ад нараджэння нашага Госпада адна тысяча восемсот шэсцьдзесят другім Прэзідэнт выдаў пракламацыю, у якой, акрамя іншага, было наступнае, а менавіта:

«Што ў першы дзень студзеня ў год ад нараджэння нашага Госпада адна тысяча восемсот шэсцьдзесят трэцім усе асобы, якіх утрымліваюць у якасці нявольнікаў у любым Штаце ці пэўнай частцы Штата, дзе насельніцтва будзе знаходзіцца ў стане паўстання супраць Злучаных Штатаў, павінны быць з гэтага часу і назаўжды свабоднымі; а Выканаўчы Ўрад Злучаных Штатаў, уключаючы кіраўніцтва ўзброеных сіл і флоту, прызнае і абароніць свабоду такіх асоб і не будзе прадпрымаць аніякіх дзеянняў супраць намаганняў такіх асоб, якія яны могуць рабіць, каб тая свабода ажыццявілася.

Што Урад, у першы дзень студзеня вышэйазначанага пракламацыяй года, вызначыць Штаты і часткі Штатаў, у якіх людзі будуць знаходзіцца ў стане паўстання супраць Злучаных Штатаў, пры факце, што пэўны Штат ці яго жыхары будуць на гэты дзень сумленным чынам прадстаўлены ў Кангрэсе Злучаных Штатаў членамі, абранымі большасцю прызначаных выбаршчыкаў такога Штата, і што не будзе прадстаўлена грунтоўнага доказу супраць гэтага Штата, будзе лічыць дастатковым сведчаннем, што гэты Штат і яго насельніцтва не ўдзельнічаюць у паўстанні супраць Злучаных Штатаў.»

Цяпер, такім чынам, я, Аўраам Лінкальн, Прэзідэнт Злучаных Штатаў, на падставе ўскладзенай на мяне ўлады Галоўнакамандуючага Арміі і Флоту Злучаных Штатаў у час узброенага паўстання супраць улады Злучаных Штатаў і як адпаведную і неабходную меру ваеннага часу для задушэння гэтага паўстання, у першы дзень студзеня ў годзе нашага Госпада адна тысяча восемсот шэсцьдзесят трэцім, у згодзе з маёй мэтай загадваю абвясціць аб гэтым публічна на працягу ста дзён, пачынаючы з першага вышэйазначанага дня, вызначыць Штаты і часткі Штатаў, дзе людзі будуць знаходзіцца ў стане паўстання супраць Злучаных Штатаў, а менавіта:

Арканзас, Тэхас, Луізіана (акрамя акруг Сэйнт Бернард, Плэкімінз, Джэферсан, Сэйнт Джон, Сэйнт Чарлз, Сэйнт Джэймс Эсэшн, Эсампшн, Тэрбон, Лафурш, Сэйнт Мэры, Сэйнт Марцін і Арлеан, у тым ліку Новы Арлеан), Місісіпі, Алабама, Фларыда, Джорджыя, Паўднёвая Караліна, Паўночная Караліна і Вірджынія (акрамя сарака дзевяці графстваў, азначаных як Заходняя Вірджынія, а таксама графстваў Берклі, Экомэк, Нортхэмптан, Элізабэт Сіці, Ёрк, Прынсэс Энн і Норфалк, у тым ліку гарады Норфалк і Портсмут), тэрыторыі, на якія пакуль не распаўсюджвалася дзеянне гэтай пракламацыі.

І, на падставе сваёй ўлады, а таксама дзеля дасягнення вышэйазначанай мэты, я абвяшчаю ўсіх асоб, якіх утрымліваюць у якасці нявольнікаў на тэрыторыі азначаных Штатаў і частак Штатаў, з гэтага часу вольнымі, а Выканаўчаму Ураду Злучаных Штатаў, уключаючы кіраўніцтва Арміі і Флоту, загадваю прызнаваць і абараняць свабоду гэтых асоб.

Пры гэтым я загадваю асобам, якіх я аб’явіў свабоднымі, устрымлівацца ад усіх форм насілля, за выключэннем неабходнай самаабароны; і я рэкамендую ім ва ўсіх абставінах, калі ім дазволяць, сумленна працаваць за дапушчальную аплату.

І яшчэ я аб’яўляю, што тыя з гэтых асоб, якія адпавядаюць неабходным умовам, будуць прыняты да ўзброенай армейскай службы на карысць Злучаных Штатаў ва ўмацаваных гарнізонах, вайсковых размяшчэннях, на баявых пастах і ў іншых месцах, а таксама на вайсковых водных транспартных сродках.

А на гэты акт, які можна шчыра лічыць актам правасуддзя, які пацвярджаецца Канстытуцыяй і выкліканы неабходнасцю ваеннага становішча, я заклікаю разважлівае меркаванне чалавецтва і літасць Усемагутнага Бога.

Пацвярджаю гэты дакумент уласным подпісам і дзяржаўнай пячаткай Злучаных Штатаў.

Складзена ў горадзе Вашынгтоне, у першы дзень студзеня ў годзе ад нараджэння нашага Госпада адна тысяча восемсот шэсцьдзесят трэцім, а ад абвяшчэння Незалежнасці Злучаных Штатаў Амерыкі восемдзесят сёмым.

Прэзідэнт: АЎРААМ ЛІНКАЛЬН

УІЛЬЯМ Х. СЬЮАРД, дзяржаўны сакратар