Перайсці да зместу

Першая навука Закону Божага (1936)/Навучаньне малітваў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гутарка аб Богу Навучаньне малітваў
Падручнік Закону Божага
Аўтар: Сяргей Паўловіч
1936 год
Малітвы пачатковыя

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Навучаньне малітваў.

Аб малітве.

Усё, што мы маем і чым карыстаемся, атрымліваем ад Бога. Бог дбае аб нас, як дзецях Сваіх, сьцеражэ нашае жыцьцё, пасылае на нашыя палі дождж і расу, сьвятло і цяпло. Мы зварочваемся да Яго з сваімі малітвамі, славім Яго ў іх, просім помачы на справы добрыя й багабойныя і дзякуем Яму за Ягоныя міласьці.
Апрача Бога, ў малітвах сваіх мы прызываем Мацер Божую, Сьвятых Ангелаў і Сьвятых Людзей, але не як Бога, а як Угоднікаў Божых, якія блізкі да Бога і просяць за нас перад Ім.

Пытаньні: Чаму мы зварочваемся да Бога з малітвамі? Што мы звычайна выказваем у сваіх малітвах? Да каго, апрача Бога, зварочваемся ў малітвах сваіх?

Аб вонкавых знаках малітвы.

Паводле старадаўнага звычаю, у часе малітвы мы хрысьцімся знакам храста. Дзеля гэтага тры пальцы правай рукі канцамі злучаем разам — на чэсьць Прасьвятой Тройцы, Адзінаістотнай і Неразьдзельнай, а два апошнія прыгінаем к далоні. Потым, зложаныя такім чынам пальцы, кладзём спачатку на чало, потым на грудзі і далей на правае плячо і левае.
Знакам храста мы выказваем нашу веру ў расьпятага на храсьце за грахі нашыя Госпада Іісуса Хрыста.
Знак храста кладзём: на чале, каб пасьвяціць розум; на грудзёх, каб пасьвяціць сэрца; на правым і левым плячы каб пасьвяціць цялесныя сілы і нашую працу.
Нахіленьнем галавы і паклонамі ў часе малітвы мы паказваем нашую пакору і паслухмянасьць перад Богом.

Пытаньні: Як злажыць пальцы, каб перахрысьціцца? Як мы хрысьцімся? Што азначае знак храста сьвятога? Чаму хрысьцячыся мы кладзём знак храста на чало, грудзь, правае і левае плячо? Дзеля чаго молячыся мы нахіляем галаву і кладзём паклоны?

Аб малітве дома перад абразамі і ў царкве.

Маліцца Богу належыць у сябе ў хаце і ў царкве. Дома трэба маліцца: рана, як прачынаемся; ўвечары, як лажымося спаць; перад абедам і па абедзе; пачынаючы дзела й канчаючы яго. Дома, звычайна, мы молімся перад іконамі або сьвятымі абразамі. Яны напамінаюць нам аб Богу і аб Сьвятых Праведніках і Угодніках Божых. Молячыся перад абразом, мы павінны маліцца ня дрэву ці фарбам, але той асобе, якая на абразе намалёвана. У нядзелі і сьвяточныя дні, як і ў буднія, калі час маем, павінны мы хадзіць маліцца ў храм Божы, на багаслуженьне. У царкве трэба стаяць уважна і маліцца Богу шчыра, з разуменьнем тых слоў, якія ёсьць у малітве.
Храмам Божым, альбо царквой, называецца пэўны будынак, альбо асобнае ў будынку памешканьне, ў якім адпраўляюцца ўсе царкоўныя службы, перш за усё абедня (літургія). Храм розьніцца ад іншых будынкаў сваім вонкавым выглядам. Ён будуецца то у відзе храста, то ў відзе кола, то ў відзе карабля. Над сярэдняй часткай храму памяшчаецца купал, які завершваецца храстом. Уваход у царкву, звычайна, робіцца з заходняе стараны, а аўтар — галоўная частка сьвятыні, заўсёды скірованы на ўсход. З заходняга ж боку прыбудоўваецца асобная вежа, альбо званіца, на якой вісяць званы. Храм аздабляецца як з вонкавай стараны, так асабліва з унутранай — сьвятымі абразамі. Аўтар, усходняя частка царквы, аддзяляецца ад сярэдняе часьці асобнай сьцяной, прыбранай абразамі. Між абразамі ёсьць трое дзьвярэй, якія вядуць у аўтар: сярэднія — царскія; з правага боку — паўдзённыя, з левага — паўночныя.
У храме Божым нявідзіма прысутным ёсьць Сам Гасподзь, асабліва ў таінстве сьвятога прычашчэньня (на літургіі), калі прыгатаваныя для пасьвячэньня хлеб і віно ператвараюцца ў запраўднае Цела й запраўдную Кроў Хрыстову. Разам з Госпадам, таксама нявідзіма ёсьць прысутнымі Сьвятыя Ангелы. Уваходзіць у храм Божы належыць з праўдзіваю вераю і страхам Божым. Стаяць у царкве трэба як перад абліччам Бога, з уважнасьцю слухаючы, што сьпяваюць і чытаюць. Усялякая няўважнасьць і гутаркі ў царкве прагняўляюць Бога. Молячыся ў храме, мы павінны хрысьціцца, класьці паклоны і станавіцца на калені. Калі чуем словы сьвяшчэньніка: „Мір усім“, трэба пакланіцца, калі ж пачуем: „Голавы вашыя схілеце перад Госпадам“, належыць нахіліць галаву. Нахіліць галаву трэба такжа пры чытаньні Сьв. Евангельля.

Пытаньні: Дзе трэба маліцца Богу? У якую пару належыць маліцца дома? Што такое абраз? Каму мы молімся, кланяючыся перад абразом? Куды трэба хадзіць ў нядзелю, сьвяточныя дні і буднямі, калі ёсьць час? Што такое храм Божы? Чым розьніцца ён ад іншых будынкаў? Якой ёсьць унутраная яго старана? Як належыць захоўвацца ў царкве? Што трэба рабіць у царкве ў часе малітвы?

Аб багаславеньні сьвяшчэньніка.

Сьвяшчэньнік багаслаўляе набожных хрысьціян імем Госпада нашага Іісуса Хрыста, дзеля чаго пальцы правай рукі сваей складае так, каб яны паказвалі літары скарочаных слоў Іс. Хр. (Іісус Хрыстос).
Цераз багаславеньне сьвяшчэньніка падаецца нам міласьць Госпада Бога і таму прымаць яго трэба з набожнасьцяй, шчырасьцяй і верай, цалуючы пры гэтым багаслаўляючую руку.

Пытаньні: Чыім імем сьвяшчэньнік багаслаўляе набожных хрысьціян? Як дзеля гэтага складваем пальцы правай рукі сваей? Што атрымліваем мы цераз багаславеньне і як яго трэба прымаць?