Старонка:Zbornik scenicnych tvorau Ss 1, Kamiedyi i vadevili.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сьцепан. Сягоння развітанне с прыяцелем… Міхалка, раптам, ні с таго, ні с сяго, замест ехаць у суботу, пастанавіу выехаць заутра раніцай.

Манька. Ах, так?

Сьцепан. Дык вось трэба выпіць, прауда?

Манька (іронічна). О, трэба!

Сьцепан (да статыстау). Ды кіньце яго! Ніхай сабе сьпіць, а мы часу ні трацьмо!

Манька (я. в.). Але! шкада часу!

Сьцепан (ні зразумеушы іроніі). Вось разумныя словы! Ну, дык хадзеце, сядаймо! (Усе, апрача Манькі, Міхалкі і сьпячаго на крэслах Лекдугны, выходзяць у другі пакой).

ЗЬЯВА III.

Манька, Міхалка і Лекдугна (сьпіць).

Манька (стаіць каля буфэту і глядзіць на Міхалку).

Міхалка (ходзючы па сцэне). Манечка! мне трэба с табой пагутарыць. Дауно я ужо хацеу ды вось ні мог… А трэба. Цяпер, глауным чынам, дзеля гэтаго і прыйшоу, каб адразу сказаць усе, што на душы… Толькі, калі ласка, спакойна, без сцэн!

Манька (глядзіць на яго шырока расплюшчанымі вачыма, спалохаушыся ужо гэтых ягоных слоу).

Міхалка. Бачыш, Маня, пару месяцау назад мы спазналіся, палюбіліся, — добра нам было, — але што-ж далей з гэтаго будзе? Усе мае свой канец…

Манька (нісьмела). Ты-ж казау, што жаніцца будзеш…

Міхалка. Жаніцца! Хм! жаніцца! Легка сказаць… Але ці тут ужо шчасьце? — Ну, пажэнімся, добра. І што-ж далей? Будзем шчасьлівы? О, ніколі! Нашы характэры ні згаджаюцца, ты мяне ні разумееш, мне трудна зразумець цябе; я хачу рабіць тое, ты кажэш: рабі сее… Ты зусім мяне ні разумееш!.. А душа людзкая гэта… гэта ні гладкая бутэлька. Там шмат розных загібау, перагародак, куточкау, каторыя усе трэба пазнаць жывучы с чалавекам, а ты усяго гэтаго ні спазнаеш, бо ты… бо ты… (хочэ сказаць: „дурная“, але зьмягчае свой сказ) бо мы с табой быццым з розных канцоу сьвету. Ну, і вось — нам, Манечка, трэба разстацца! Але, але… трэба!

Манька (маучыць і глядзіць на яго).

Міхалка (падыходзіць да яе). Ну, чаго-ж ты маучыш? Ні гневайся на мяне, мая ты сумнінькая, але нічога ні парадзіш: трэба. Іншай рады німа. Як сама добра аб гэтым падумаеш, то згодзішся са мной… Ну, ні рабі толькі трагедыі… (гладзіць яе па валасох).