Гэта старонка была вычытаная
Я ня буду доўга,
Зараз-жа вярнуся:
Трошачкі на рэчцы
Ў санках паважуся.
— Ну, ідзі пабегай,
Толькі апраніся
Ды глядзі, ў палонку,
Сынку, не ўваліся. —
Радасьць і раздольле
Хлопчыку малому,
І не пазайздросьціць
Ён цяпер нікому!
На плячо — сякерку,
Саначкі — у руку,
Хлеба ўзяў кусочак.
— Цюцік! — сьвіснуў Жуку.
Пад скарынкай лёду
Тут-жа каля хаты
Працякала рэчка
Скрозь лясныя шаты.
Побач тэй рачулкі
Кучы буралому,
І застыла рэчка
Мёртва, нярухома.