Старонка:Як усьцерагчыся ад сыфілісу.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

1) Зараза сыфілісу перадаецца са сьлінай пры пацалунках.

У роце сыфілітыка ёсьць балячкі, з якіх выцякае гной. У гэтым гнаі ёсьць мікробы сыфілісу. Заразьлівы гной зьмешваецца ca сьлінай і таму сьліна становіцца таксама заразьлівай.

Па нашых вёсках ёсьць звычай цалавацца з усімі, хто праваджае ад‘яжджаючага ў далёкую дарогу або на вайсковую службу. І часта здараецца, што пры гэткім разьвітаньні сярод прысутных ёсьць сыфілітыкі. Ад пацалункаў гэтых сыфілітыкаў зараза сыфілісу са сьлінай перадаецца здаровым людзям. Праз два або тры тыдні ў тых, хто пацалаваўся з хворымі на сыфіліс, на вуснах аб‘яўляецца сыфілітычная балячка (цьвёрды шанкер). Гэтая балячка адзначаецца ад іншых балячак на вуснах тым, што на вобмацак яна цьвёрдая, бы храсток.

Заражаюцца сыфілісам праз пацалункі на вялікдзень. Дзякуючы дзікунскаму звычаю і рэлігійным забабонам, у гэты дзень кожны цалуецца са ўсімі, нават з незнаёмымі людзьмі, між якімі могуць быць і хворыя на сыфіліс.

2) Зараза сыфілісу перадаецца з гноем ад балячкі ці з кроўю пры плоцьных зносінах.